«Нельга забыць»: ужо месяц трывае штодзённая малітва за палітвязьняў ля Чырвонага касьцёла (Фота)

20 лютага 2011 14:31  |  Навіны

Учора, 19 лютага, роўна праз 2 месяцы пасьля падзеяў на Плошчы Незалежнасьці ў Менску, калі беларускія хрысьціяне ўжо ў другі раз абвесьцілі дзень узмцоненай малітвы за палітвязьняў, споўніўся таксама роўна месяц, як ля Чырвонага касцёла пачалі зьбірацца на малітву за зьняволеных. Кожны дзень а 20-й гадзіне, нават у лютыя маразы, зьбіраюцца тут людзі са сьвечкамі, кветкамі і партрэтамі палітвязьняў, сьпяваюць і моляцца за зьняволеных, запальваюць знічкі і ставяць іх ля скульптуры арханёла Міхаіла і спадзяцца, што заўтра іх прыйдзе больш. 

 

Ініцыятыва, якая стыхійна 19 студзеня падчас акцыі салідарнасці з арыштаванымі і пацярпелымі пасля падзеяў Плошчы-2010, атрымала назву “Нельга забыць”.

 

19 лютага на малітоўную акцыю да Чырвонага касьцёла разам зь іншымі неабыякавымі людзьмі прыйшлі таксама маці палітвязьняў Марына Лобава і Алена Ліхавід.

 

Удзельнікі запалілі зьнічы, паклалі аркуш паперы зь лёзунгам “Свабоду палітвязьням”. Каля 20 чалавек узяліся за рукі, утварыўшы паўкола і маліліся за Беларусь і ўсіх зьняволеных палітвязьняў.

 

Актывістка Ганна Шапуцька ў сваёй прамове выказала спадзяваньне, што салідарнасьць дапаможа зьняволеным, і зачытала верш маладафронтаўца, палітвязьня Ўладзіслава Яроменкі. Спадарыня Галіна, маці палітыка Вячаслава Сіўчыка, згадала ў малітве ўсіх зьняволеных паімённа.

 

Скончылася акцыя традыцыйна сьпевам беларускага хрысьціянскага гімна “Магутны Божа” і воклічамі “Жыве Беларусь!”.

 

Міліцыянты і людзі ў цывільным традыцыйна сачылі за малітвай, здымалі людзей на відэа, але не перашкаджалі. Пасьля акцыі адзін з міліцыянтаў у цывільным забраў плякат “Свабоду палітвязьням” і аркуш зь вершам Уладзіслава Яроменка. Ля зьнічоў застаўся толькі аркуш зь вершам Рыгора Барадуліна.

 

Ініцыятыва “Нельга забыць” заклікаем ўсіх людзей добрай волі далучацца да гэтай малітоўнай акцыі, прыносіць з сабой знічкі і партрэты палітвязняў, запрашаць сваіх сяброў і знаёмых.  А калі вы не можаце прыйсці, проста ў 20-00 выключыце святло ў сваёй кватэры, запаліце на вокнах свечкі і далучайцеся да агульнай малітвы. Таксама нагадваем, што ўжо шосты год трывае пост і ўзмоцненая малітва хрысціянаў за Беларусь кожную пятніцу таксама а 8-й вечара.

 

«Нельга забыць»: ужо месяц трывае штодзённая малітва за палітвязьняў ля Чырвонага касьцёла (Фота)

«Нельга забыць»: ужо месяц трывае штодзённая малітва за палітвязьняў ля Чырвонага касьцёла (Фота)

«Нельга забыць»: ужо месяц трывае штодзённая малітва за палітвязьняў ля Чырвонага касьцёла (Фота)

 

Болей навін