Дашкевіч у лісьце да Шэіна: “Мне абяцалі мінімум 5 гадоў”
Сустаршыня БХД Аляксей Шэін атрымаў ліст з жодзінскай турмы ад зьняволенага лідэра Маладога Фронту Зьміцера Дашкевіча. У сваім лісьце Зьміцер паведамляе, што ўжо ў лютым яго абяцаюць перавезьці ў Менск у СІЗА на Валадарскага і асудзіць.
“Спадзяюся, гэтым месяцам павязуць на Валадарку і асудзяць, там будзе ўжо больш пэўнасьці. Абяцалі мне мініміум пяцёрку,” – піша Дашкевіч.
Нягледзячы на ўсё трымаецца ён, як заўждбы, бадзёра, жартуе. Таксама Зьміцер, піша, што ў зьняволеньні чытае Новы Запавет і прапаведуе па меры сілаў.
Нагадаем, кіраўнік зарэгістраванага ў Чэхіі моладзевага аб’яднаньня “Малады Фронт” Зьміцер Дашкевіч абвінавачваецца па ч.3 арт. 339 КК РБ (хуліганства). Ён быў затрыманы напярэдадні падзеяў на Плошчы 18 сьнежня па падазрэньні ў тым, што нібыта, прымаў удзел у бойцы, дзе былі зьбітыя двое чалавек.
Лісты падтрымкі яму можна дасылаць па адрасе: 222160, Менская вобласьць, г. Жодзіна, вул. Савецкая 22а, Дашкевіч Зьміцер Вячаслалавіч