Тэрмін расследавання справы аб «беспарадках» падоўжаны да пяці месяцаў

21 лютага 2011 12:57  |  Навіны

Тэрмін расследавання крымінальнай справы па частках 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі) падоўжаны пракуратурай Менска да пяці месяцаў, паведамілі ў праваахоўных органах. Падаўжэнне тэрміну звязанае з тым, што на мінулых выходных скончыўся двухмесячны тэрмін папярэдняга расследавання, пасля якога, паводле беларускага заканадаўства, прымаецца рашэнне падаўжаць яго ці не.

 

Нагадаем, расследаваннем справы аб падзеях у сталіцы 19 снежня, у дзень прэзідэнцкіх выбараў займаецца папярэдняе расследаванне ГУУС Менгарвыканкама.

Як стала вядома інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН, працяг расследавання на такі значны тэрмін не азначае, што столькі ж абвінавачваныя, якія цяпер утрымліваюцца ў СІЗА КДБ, будуць знаходзіцца пад вартай. Матэрыялы ў дачыненні да фігурантаў крымінальнай справы па меры завяршэння расследавання будуць паступова накіроўвацца ў суды.

 

***
Абвінавачанымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках з’яўляюцца 42 чалавекі. Большасць з іх знаходзіцца пад вартай. У прыватнасці, у СІЗА КДБ ўтрымліваюцца экс-кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, а таксама сустаршыня БХД Павал Севярынец.

1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе быў адпушчаны былы кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, 29 студзеня пераведзены пад хатні арышт Уладзімір Някляеў. 19 лютага пад падпіску аб нявыездзе быў адпушчаны Аляксей Міхалевіч. Яшчэ два былыя кандыдаты ў прэзідэнты, Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, з’яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе.

Болей навін