Браніслаў Камароўскі: “Беларускія ўлады дзейнічаюць насуперак інтарэсам уласных грамадзянаў”
Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, выступаючы ў мястэчку Кузьніца на польска-беларускай мяжы, зрабіў некалькі заяваў пра падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. “На нашую думку, беларускія ўлады дзейнічаюць насуперак інтарэсам уласных грамадзянаў, сярод якіх і прадстаўнікі польскай меншасьці. Але таксама гэта шкодзіць і беларусам, якія жывуць у Польшчы”, – падкрэсьліў Камароўскі.
Польскі кіраўнік заклікаў да салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй. “У адказ на рэпрэсіі ўладаў Беларусі супраць апазыцыі, неабходна ўзмацняць салідарнасць зь ёй», – заявіў ён.
Камароўскі таксама сказаў, што ўзмацненьне перасьледу беларускімі ўладамі апазыцыі перашкаджае нармальнаму супрацоўніцтву паміж польскім і беларускім дзяржавамі. Гаворка ідзе, сярод іншага, і пра нежаданьне беларускага боку далучыцца да сыстэмы малога прыгранічнага руху, што дазваляе жыхарам прыгранічных рэгіёнаў наведваць суседнюю краіну без наяўнасьці візы.
Прэзыдэнт Польшчы зьвярнуў увагу на тое, што ў Менску аднаму з удзельнікаў пратэстаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў ужо вынесьлі жорсткі прысуд, і заявіў, што Варшава, у рамках існага міжнароднага заканадаўства, будзе працягваць падтрымліваць тых грамадзянаў Беларусі, якія імкнуцца да пабудовы ва ўласнай дзяржаве грамадзянскай супольнасьці.
На наступным тыдні таксама польскі парлямэнт мае намер прыняць рэзалюцыю, у якой будуць рэзка асуджацца “грубыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”.
Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ў мястэчку Кузьніца на польска-беларускай мяжы