22 лютага, распачнецца паседжаньне Вярхоўнага суда па скарзе БХД на Мінюст
У аўторак, 22 лютага а 10-й гадзіне распачнецца паседжаньне Вярхоўнага Суда РБ па скарзе прадстаўнікоў Нацыянальнай Рады БХД на рашэньне аб чарговай адмове Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Суд адбудзецца па адрасе г. Менск, вул. Леніна, 28. Запрашаем усіх неабыякавых людзей прыйсьці падтрымаць БХД.
Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі ў інтэрвію прэс-службе БХД заявіў з гэтай нагоды:
“Тры разы ва ўмовах рэпрэсіяў і ціску на заснавальнікаў БХД партыя змагла правесьці ўстаўноўчыя зьезды і падаць дакуманты на рэгістрацыю. Тры разы нам было адмоўлена па палітычных матывах. Пры гэтым адбываўся моцны перасьлед нашых заснавальнікаў, звальненьне з працы і выключэньне з вучобы за сяброўства ў БХД.
Зараз у турме КДБ знаходзіцца лідэр партыі Павал Севярынец, таксама да 15 гадоў зьняволеньня пагражае Віталю Рымашэўскаму. Разграбленыя менскі гарадскі і рэгіянальныя офісы БХД. Але гэта не спыніць Беларускую Хрысьціянску Дэмакратыю. Мы ідзем на гэтае “судзілішча”, не спадзяючыся на літасьць рэжыму, але для таго, каб засьведчыць, што за намі праўда.”
Акрамя Дзяніса Садоўскага заўтра ў судзе БХД будзе прадстаўляць былы кандыдат ў прэзідэнты, сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі.
Прадстаўнікі БХД будуць патрабаваць прызнаць, што адмова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” з’яўляецца незаконнай і парушае правы яе заснавальнікаў, а таксама абавязаць Мінюст ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю БХД.