На Берасьцейшчыне маліцца за Беларусь не дазволена
На Берасьцейшчыне вылічваюць вернікаў, якія 19 лютага ўдзельнічалі ў малітве за Беларусь. Улада ў рэгіёне заклапочаная зараз высьвятленьнем асобаў вернікаў, якія далучаюцца да малітваў за Беларусь і за тых, каго трымаюць у турме КДБ.
Савет па справах рэлігіі Берасьцейскага аблвыканкаму выказаў занепакоенасьць тым, што вернікі розных парафіяў падпісаліся пад заклікам правесьці супольную малітву за Беларусь. Зь Менску, кажа адзін зь вернікаў, у Берасьцейскі аблвыканкам прыйшло патрабаваньне высьветліць сутнасьць справы:
“Дзіўна, але ва ўсіх беларускіх цэрквах кожная літургія прадугледжвае малітву за краіну. Проста складаецца ўражаньне, што вельмі моцна пільнуюць, сочаць. Крок управа ці ўлева — злачынства. Падобна да таго, што зь Менску патэлефанавалі ў наш рэгіянальны савет па справах рэлігіі і запатрабавалі высьветліць акалічнасьці. Чыноўнікі кажуць, што сьпісы падпісантаў бачылі ў газэце грэка-каталіцкай парафіі “Царква”. Але гэта немагчыма, бо газэта не выходзіць ужо на працягу апошняга паўгодзьдзя”.
Малітва за Беларусь была арганізавана прадстаўнікамі розных канфэсій і праводзілася па ўсёй Беларусі 19 лютага. Зварот далучацца да малітвы гучаў, у асноўным, у інтэрнэце.