Сёньня з Акрэсьціна павінен выйсьці Вадзім Кабанчук
Сёньня, 24 лютага ў 17-00 з ізалятара на Акрэсьціна пасьля 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у Плошчы-2010 павінен выйсьці сябра аргкамітэта БХД Вадзім Кабанчук, які падчас прэзідэнцкіх выбараў уваходзіў у штаб кандыдата Віталя Рымашэўскага. Але начальнік акрэсьцінскага ізалятара пагражаў Вадзіму крымінальнай справай, таму сябры БХД вельмі спадзяюцца сустрэць яго менавіта сёньня.
Насамрэч, Кабанчук быў затрыманы пры на беларуска-літоўскай мяжы ўвечары ў нядзелю 13 лютага, таму павінен быў быць вызвалены яшчэ ўчора, 23 лютага. Але суткі, якія Вадзіма трымалі ў Ашмянскім РАУСе, спрабуючы абвінаваціць у супраціве супрацоўнікам мытні, у час арышту яму не залічылі.
Нагадаем, Кабанчук вяртаўся ў Беларусь з Вільні і быў затрыманы на памежным пераходзе Каменны лог на мяжы зь Літвой. Ён меў пры сабе каля 100 асобнікаў газэты пра падзеі ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, выдадзеных беларускімі актывістамі па-за межамі Беларусі. Мытнікі пры аглядзе сканфіскавалі гэтыя інфармацыйныя матэрыялы на экспэртызу, склаўшы адпаведны пратакол.
Самога Кабанчука спачатку больш за чатыры гадзіны трымалі на мяжы, затым выклікалі міліцыю з Ашмянаў і адвезьлі ў мясцовы РАУС, дзе склалі пратакол за быццам бы супраціў мытнікам. Чакалася, што суд над ім адбудзецца ў Ашмянскім райсудзе. Але пазьней высьветлілася, што яго перавезьлі ў Менск у ізалятар на Акрэсьціна і асудзілі ў судзе Маскоўскага раёна па артыкуле 23.34 на 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у падзеях 19 сьнежня ў Менску.
Маці арыштаванага Вадзіма Кабанчука, магілёўская абласная каардынатарка БХД Таісія Карпаўна Кабанчук двое сутак ні па адным тэлефоне не магла даведацца, дзе знаходзіцца яе сын, дзяжурыла ў судзе Маскоўскага раёна, дзе нават пасьля суда над Вадзімам ад яе хавалі інфармацыю пра прысуд сыну. Таму пасьля суда Таісія Кабанчук дабілася сустрэчы з начальнікам ізалятара на Акрэсьціна Сяргеем Карповічам, які размове зь ёй заявіў, што гэты адміністрацыйны прысуд Вадзіму не канчатковы, і пры далейшым разьбіральніцтве супраць яго можа быць распачатая крымінальная справа.