БХД адмаўляецца ўдзельнічаць у сьпектаклі пад назвай “Вярхоўны суд”

24 лютага 2011 20:20  |  Галоўныя навіны

 

Аргкамітэт Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ва ўмовах татальных рэпрэсіяў адмаўляецца ўдзельнічаць у працягу судовага сьпектаклю ў Вярхоўным судзе па скарзе БХД на Мінюст адносна адмовы ў нерэгістрацыі партыі.

 

Партыя БХД 3 разы ва ўмовах перасьледу і ціску на заснавальнікаў, адчуваючы перашкоды ў вылучэньні памяшканьняў, правяла 3 ўстаноўчыя зьезды на працягу паўтарох гадоў. Штораз больш за 1000 мужных людзей нягледзячы на пагрозы, рэпрэсіі і ціск ставілі свае подпісы ў якасьці заснавальнікаў БХД, якія перадаваліся ў Міністэрства Юстыцыі для рэгістрацыі партыі. З дапамогай прафесійных юрыстаў кожны раз старанна рыхтаваліся дакументы ў Мінюст.

 
Але адразу пасьля падачы дакумантаў на рэгістрацыю на заснавальнікаў партыі кожны раз пачынаўся беспрэцэндэнтны ціск, у людзей патрабавалі пісьмовай адмовы пад пагрозай страты працы, выключэньня з ВНУ, выгнаньня з інтэрнатаў, пагражалі адабраць прыёмных дзяцей, нават пагражалі крымінальнай адказнасьцю па сфабрыкаваных справах. Былі зафіксаваныя факты рэальных звальненьняў з працы і выключэньняў з універсітэтаў з-за ўдзелу ў БХД. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што аднымі з асноўных доказаў Мінюста па справе адмовы ў рэгістрацыі партыі былі анкеты па выніках тэлефоннага (!)  апытаньня заснавальнікаў БХД, запоўненыя супрацоўнікам Мінюста сп. Какушай.

 

І некаторыя людзі пад прэсінгам сапраўды вымушаныя былі адмаўляцца ад свайго подпісу заснавальніка. Але нягледзячы на ўсё гэта кожны раз заснавальнікаў БХД, што вытрымлівалі ціск і заставаліся вернымі свайму рашэньню, заставалася больш за 1000 чалавек, што зьяўляецца неабходнай умовай для  рэгістарцыі партыі. Тым ня менш, Мінюст, па замове ўладаў, выконваючы функцыю карнага органа, адмаўляўся рэгістраваць БХД, матывуючы гэта дробнымі зачэпкамі і надуманамі падставамі.

Не адрозьніваўся аб’ектыўнасьцю і суд. Прыведзеныя намі на папярэдніх двух судовых працэсах супраць Мінюста канкрэтныя факты ціску і рэпрэсіяў, паказаньні дзясяткаў сьведкаў, якія распавядалі ў судзе пра жахлівы ціск на іх з боку Мінюста, мясцовых выканкамаў, супрацоўнікаў міліцыі і КДБ, не былі пачутыя ні суддзём, ні пракурорам, і рашэньне зачытвалася па загадзя падрыхтаванай паперы. На паседжаньні 22 лютага 2010 года суд адмовіў нават у просьбе заснавальнікаў БХД зрабіць перапынак на 2 тыдні дзеля таго, каб прадстаўнікі БХД змаглі азнаёміцца з матэрыяламі  справы (упершыню яны былі прадастаўлены толькі на судовым паседжаньні 22 лютага) і выклікаць сьведкаў па справе. Суд зрабіў перапынак толькі на 3 дні. На просьбу аб прадастаўленьні ксэракопіяў справы, сакратар суда адказала, што прадстаўнікам БХД самім неабходна прынесьці ў будынак суда ксэракс (!!!), напісаўшы папярэднюю заяву.

У такіх умовах БХД не лічыць патрэбным працягваць удзел у судовым паседжаньні, вынкі якога перадвырашаныя. Зараз у сітуацыі, калі лідэр партыі Павал Севярынец знаходзіцца за кратамі, экс-кандыдату ад БХД Віталю Рымашэўскаму таксама пагражае да 15 гадоў турмы, калі па шэрагах БХД пракацілася хваля рэпрэсіяў і ператрусаў, разгромленыя цэнтральны і ўсе рэгіянальныя офісы, канфіскавана больш за 40 адзінак аргтэхнікі, у сітуацыі, калі суд працягвае сваю гульню “правасудзьдзе”, ды калі ў першыя 5 хвілінаў зразумела, чый бок займае судзьдзя і пракурор, калі ўсе довады і доказы ня чуюцца і губляюцца ў паветры, і кожны з актораў, і прадстаўнік Мінюста, і судзьдзя з пракурорам чытаюць свае прамовы па паперках, мы адмаўляемся ад удзелу ў прафанацыі пад назвай судовы працэс і заяўляем пра тое, што мы надалей будзем дзейнічаць у якасьці аргкамітэта і ня спынім спробаў зарэгістраваць партыю, якая ўжо фактычна існуе, але якую адмаўляюцца рэгістраваць.

У такі цяжкі час мы яшчэ больш усведамляем нашую адказнасць перад беларускім народам, таму мы працягнем несьці ў беларускае грамадства хрысьціянска-дэмакратычныя каштоўнасці, безь якіх на нашую думку Беларусь ня зможа стаць сапраўды свабоднай і дэмакратычнай.

Болей навін