Кастуся Шыталя вінавацяць у парушэнні выбарчага заканадаўства. Суд – 3 сакавіка
Пратакол складала ў Глыбоцкім райвыканкаме Людміла Кароль, старэйшы юрыстконсульт райвыканкама. Паводле матэрыялаў справы, з якімі дазволілі азнаёміцца Кастусю Шыталю, заяву супраць яго напісала Марыя Мацулевіч, супрацоўніца ідэалагічнага аддзела Глыбоцкага райвыканкама. Падчас выбараў яна была вылучаная назіральнікам ад пралукашэнскаўскага “Беларускага саюза жанчын”.
Марыя Мацулевіч сцвярджае ў сваёй заяве, што Кастусь Шыталь апытваў выбарцаў, якія прыйшлі на ўчастак, публікаваў няправільную інфармацыю ў інтэрнэце і пагражаў сябрам выбарчай камісіі. Пракуратура адмовіла ў распачацці крымінальнай справы па гэтай заяве.
Супраць Кастуся Шыталя была распачатая адміністрацыйная справа па артыкуле 9.10 (парушэнне выбарчага заканадаўства). Суд адбудзецца 3 сакавіка а 9-й гадзіне.
“Відавочна, што гэта прыдзіркі. Проста хтосьці жадае “адпомсіць” мне за назіранне за падлікам галасоў. Аднак на мяне такія “санкцыі” не падзейнічаюць, я буду працягваць рабіць сваю справу”, – каментуе Кастусь Шыталь.