24 лютага адзначылі дні народзінаў Рыгор Барадулін і Надзея Дземідовіч

24 лютага 2011 23:33  |  БХД

24 лютага адзначылі дні народзінаў Рыгор Барадулін і Надзея Дземідовіч

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін сёлета адзначыў свой 76-ты дзень народзінаў. Шмат гадоў гэты выдатны паэт, цудоўны чалавек і хрысьціянін, вернік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы шчыра служыць сваім мудрым, прыгожым, дасьціпным і ўзьнёслым словам усім беларусам. Сябры БХД шчыра віншуюць  Дзядзьку Рыгора з днём народзінаў і жадаюць здароўя, творчага натхненьня і Божага дабраславеньня!

24 лютага адзначылі дні народзінаў Рыгор Барадулін і Надзея ДземідовічАдна з найстарэйшых удзельніцаў беларускага адраджэнскага руху, былая зьняволеная сталінскага ГУЛАГу Надзея Раманаўна Дземідовіч, якой 24 лютага споўнілася ўжо 84 гады, таксама піша вершы. Гэта жанчына вялікага сэрца і шчырай душы, якую не зламалі ні катаваньні, на сталінскія лагеры, ні пазьнейшая адзінота (ГУЛАГ пакінуў яе без уласнай сям’і). Надзея Раманаўна – сапраўдная хрысьціянка, яна ўсім даруе, і за ўсіх перажывае, але асабліва за “людзей сваёй душы”, за шчырых беларусаў, якія зараз вымушаныя ўспадчваць яе пакутніцкі лёс. Сэнсам яе жыцьця стала сьведчаньне пра тое, што яна перажыла, каб гэта больш не паўтаралася. А найбольшае шчасьце для яе – бачыць і чуць беларускую моладзь.

 
Сябры кампаніі “Пакаяньне” аргкамітэту БХД разам з маладымі хрысьціянскімі дэмакратамі зьбіраюцца ў гэтую нядзелю наведаць яе ды павіншаваць зь днём народзінаў асабіста. Калі хто жадае далучыцца, скантактуйцеся па тэл. 571-26-11 (МТС).

 

Паводле сайта “Пакаяньне”

Болей навін