Разгляд скаргі БХД на адмову ў рэгістрацыі не адбыўся
Разгляд позвы аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі да міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе не адбыўся. Скарга была пададзена на адмову мінюста ў рэгістрацыі партыі.
Як паведамілі ў судзе, працэс адкладзены да панядзелка 28 лютага, калі і будзе агучана канчатковае рашэнне. Ірына Губская заявіла аб адмове ад удзелу, па яе словах, ў «гэтым спектаклі»:
– Мы распаўсюдзілі заяву, што адмаўляемся далей удзельнічаць у гэтым спектаклі, які называецца Вярхоўным судом. Але, разам з тым мы напісалі некалькі хадайніцтваў, каб Паўла Севярынца прывезлі ў суд, бо ён – адзін з заяўнікаў, ён ведае найбольш інфармацыі неабходнай для таго, каб прыняць кампетэнтнае рашэнне па нашай скарзе. Хадайніцтвы былі ўручаны кіраўніку Камітэта дзяржаўнай бяспекі, кіраўніку следчай групы Сукалу, у суд ды іншыя ўстановы, якія маюць кампетэнтнасць прыняць адпаведнае рашэнне.
Па словах Ірыны Губскай, калі высветлілася, што ў хадайніцтве прывезці на працэс Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, адмоўлена, прадстаўнікі партыі канчаткова вырашылі не ўдзельнічаць у «гэтым спектаклі» і сышлі з Вярхоўнага суда.