Магілёўская міліцыя дапытвае па тэлефоне
Магілёўскаму сябру аргкамітэта БХД Аляксандру Дзямідаву патэлефанаваў у пятніцу старэйшы ўпаўнаважаны Болатаў з РАУС Ленінскага раёна Магілёва і запрасіў на допыт. Калі Аляксандр запатрабаваў даслаць яму афіцыйную позву, супрацоўнік міліцыі папрасіў усё ж адказаць на пытанні па тэлефоне, паколькі ён зараз “вельмі заняты”.
Гэта ўжо не першы тэлефонны выклік Аляксандра Дзямідава на гутарку. Раней яго па тэлефоне спрабавалі запрасіць з Магілёва на допыт ў Фрунзенскі РАУС Менска. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што яго тэлефонны нумар быў зафіксаваны на плошчы ў Менску 19 снежня. Але і тады справа спынілася на тым, што Аляксандр папрасіў даслаць яму позву.