Нацыянальная Рада БХД: “Абараняем лідэраў, працягваем працу” (Фота)
Сёньня, 26 лютага, у Менску па адрасе вуліца Варвашэні, 8 адбылося паседжаньне Нацыянальнае Рады арганізацыйнага камітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”. Удзел у паседжаньні ўзялі 42 сябры Нацыянальнае Рады і больш за 15 гасьцей.
Напачатку выступіла Тацяна Яўгенаўна Севярынец, маці сустаршыні БХД Паўла Севярынца, які ўжо больш за два месяцы знаходзіцца ў турме КДБ. Па сканчэньні яе выступу было вырашана распачаць шэраг новых кампаніяў у падтрымку Паўла Севярынца. У прыватнасьці, толькі за час правядзеньня паседжаньня атрымалася сабраць 39 подпісаў у падтрымку хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня ў дачыненьні да зьняволенага сустаршыні аргкамітэту БХД.
Таксама сябры Нацыянальнае Рады прынялі рашэньне аб пачатку на нацыянальным узроўні кампаніі “Стань сьведкам”, мэтай якой ёсьць збор людзей, якія б маглі засьведчыць на судовых працэсах, што ні кандыдаты ў прэзыдэнты, ні іх давераныя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеяньняў як непасрэдна на Плошчы 19 сьнежня 2010 году, так і раней, якія б таксама маглі пацьвердзіць, што акцыя плянавалася выключна мірнай. Удзельнікі паседжаньня вырашылі таксама запрасіць усе дэмакратычныя сілы і штабы кандыдатаў далучыцца да гэтай акцыі.
Апроч таго, Нацыянальная рада прыняла рашэньне аб падрыхтоўцы 4-га па ліку Ўстаноўчага зьезду партыі БХД. У сувязі з гэтым было вырашана стварыць аргкамітэт па падрыхтоўцы зьезду, былі абраныя абласныя каардынатары і ўправа аргкамітэту. Але ўсе сябры аргкамітэту пагадзіліся, што да вызваленьня Паўла Севярынца сам зьезд праводіць немагчыма.
Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі, яго “натхніла вялікае жаданьне сябраў Нацыянальнае Рады да працягу актыўнае дзейнасьці”. “Гэта яшчэ раз пацьвердзіла моц і арганізаванасьць аргкамітэту партыі”, – адзначыў ён.
Сугучнае меркаваньне выказаў і сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі. “Тое, што рашэньні прымаліся адзінагалосна, тое, што Нацыянальная Рада сабралася амаль поўным складам і не было ніводнага лідара, які б адмовіўся ўзяць удзел у яе паседжаньні, паказвае, што рэпрэсіі не змаглі зламаць БХД. І гэта натхняе. Гэта дае ўпэўненасьць, што партыя будзе існаваць і раней ці пазьней прыйдзе да ўлады”, – лічыць палітык.