Таісію Кабанчук выклікаюць у КДБ, а Яўгена Васьковіча перавялі ў Бабруйскае СІЗА

02 сакавіка 2011 10:19  |  Навіны

Каардынатарку аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” па Магілёўскай вобласьці Таісію Кабанчук выклікаюць у якасьці сьведкі ў бабруйскае гарадзкое аддзяленьне КДБ. Адпаведную позву ёй уручыў 1 сакавіка супрацоўнік КДБ М.Н.Белянчэнка. Таісія Карпаўна павінна зьявіцца ў КДБ 2 сакавіка а 10:00.

 

Каардынатарка таксама паведаміла зьвесткі пра лёс сябра бабруйскай гарадзкой суполкі аргкамітэта БХД Яўгена Васьковіча, якога затрымалі 17 студзеня ў Магілёве. Яна разам з рэдактарам газэты «Бабруйскі кур’ер», у якой працуе Яўген, наведала 28 лютага бабулю актывіста, і тая распавяла, што Яўгена Васьковіча перавялі ў Бабруйскі СІЗА і што ў бліжэйшы час маці журналіста спадзяецца атрымаць дазвол на сустрэчу з сынам. 

Бабуля паведаміла таксама пра абставіны ператрусу, які супрацоўнікі КДБ зьдзейсьнілі ў дзень затрыманьня хлопца. Справа ў тым, што Яўген жыве з бабуляй, паколькі ягоная маці жыве і працуе ў вёсцы Кавалі Бабруйскага раёну. Са словаў жанчыны, падчас ператрусу адзін з супрацоўнікаў КДБ патэлефанаваў у Магілёў, дзе ў той час на сэсіі знаходзіўся Яўген, і запытаў: “Вы яго забралі?” – “Так, забралі,” –  пачулася ў адказ. Жанчына ўпэўненая, што дадзены факт сьведчыць пра тое, што ператрус і затрыманьне адбываліся адначасова. Яна таксама адзначыла, што пры ператрусе ў хлопца забралі два ноўтбукі, фотаапарат і розныя друкаваныя матар’ялы. 

Нагадаем, што Яўгена Васьковіча затрымалі ў Магілёве па абвінаваньні у тым, што ён зьвязаны з нападам на будынак аддзела КДБ у Бабруйску 16 кастрычніка 2010 года. У яго былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю. Пацярпелых не было. Крымінальная справа на падставе артыкула «Хуліганства» распачатая УУС Бабруйска.

 

Аргкамітэт БХД асуджае любыя ўчынкі, зьвязаныя з гвалтоўнымі дзеяньнямі і прытрымліваецца выключна метадаў негвалтоўнага супраціву. У той жа час да таго, як адбудзецца суд і будуць вынесеныя ацэнкі працэсу праваабаронцамі і адвакатамі, няма падставаў лічыць Яўгена Васьковіча вінаватым ў прад’яўленым яму абвінавачваньні.

 

Таісію Кабанчук выклікаюць у КДБ, а Яўгена Васьковіча перавялі ў Бабруйскае СІЗА

Болей навін