Таісію Кабанчук дапытвалі ў КДБ амаль 7 гадзінаў
Пасьля сканчэньня допыту каардынатарка дала падпіску пра неразгалошваньне. У якасьці сьведкі Таісію Карпаўну дапытвалі пра падзеі на Плошчы 19 сьнежня 2010 года, а таксама пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таксама шэраг пытаньняў тычыўся бабруйскага актывіста БХД Яўгена Васьковіча, які ад 17 студзеня знаходзіцца пад арыштам і якога ў КДБ назвалі “тэрарыстам”.
Допыт праводзіў супрацоўнік КДБ Мікіта Мікалаевіч Белянчэнка. Ён спрабаваў вынесьці ёй папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі:
«Уся гэтая дыскусія заняла больш за палову часу допыту. Я яму даводзіла, што мы дзейнічалі ў межах аргкамітэту па стварэньні партыі й не парушалі беларускага заканадаўства. А ён мне даводзіў, што мы дзейнічалі менавіта як палітычная партыя. У выніку ён мне папярэджаньня так і ня вынес», – распавяла Таісія Карпаўна.