Рымашэўскі на берасцейскім форуме дэмакратычных сілаў: “Ніводзін таталітарны рэжым не ў сілах знішчыць апазіцыю”
У сераду, 2 сакавіка прайшоў Форум дэмакратычных сілаў Берасцейскай вобласці. Удзел ў ім узялі больш за 30 актывістаў палітычных партыяў і арганізацыяў з розных гарадоў і раёнаў вобласці. Форум наведаў і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
Падчас свайго выступу на берасьцейскім форуме Рымашэўскі даў ацэнку стану беларускай апазіцыі на цяперашнім этапе:
“Зараз кажуць, апазіцыя слабая, разгромленая. Няма аргтэхнікі, забіраюць офісы. Я хачу сказаць, што калі сілу дэмакратычных сілаў вымяраць колькасцю аргтэхнікі, офісаў, рэпрэсіямі, дык, магчыма, яны слабыя як ніколі. Але калі вымяраць падтрымкай грамадства, дык зараз апазіцыя моцная як ніколі Упершыню за апошнія 16 гадоў так мала людзей падтрымлівае дзеючую ўладу”, – сцвярджае Рымашэўскі.
На думку палітыка, гэта пацвярджае і агульная колькасць людзей, якія прагаласавалі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах за дэмакратычных кандыдатаў. Віталь Рымашэўскі лічыць, што апазіцыі трэба выкарыстаць сітуацыю і аб’яднаць свае намаганні: “працаваць на вызваленне палітвязняў, на свабодныя выбары, на сумесную інфармацыйную кампанію, каб даносіць да людзей праўду”.
Рымашэўскі звярнуў увагу на тое, што неабходна быць самакрытычнымі, прыцягваць ў свае шэрагі новых людзей. “Я перакананы, што ніводзін таталітарны рэжым не ў сілах знішчыць апазіцыю, – падкрэсліў палітык. Галоўная пагроза – стварэнне штучнай апазыцыі, якая будзе працаваць на гэты рэжым і выконваць яго загады”.
На форуме Рымашэўскі заклікаў актывістаў дэмсілаў рэгіёну далучацца да кампаніі “Стань сьведкам”, распачатай аргкамітэтам па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Фота Радыё “Рацыя”