Віталь Рымашэўскі праводзіць сустрэчы на рэгіёнах

03 сакавіка 2011 15:07  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” наведаў Берасьцейшчыну, дзе сустрэўся зь мясцовымі лідарамі і актывістамі БХД. Зь яго словаў, падчас візыту абмяркоўваліся пытаньні далейшай дзейнасьці арганізацыі, заснаваньня партыі і далучэньня новых сябраў.

 

Таксама ў час сустрэчаў разглядалася пытаньне легалізацыі дзейнасьці “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”, паколькі ў дадзены момант актывісты БХД, дзейнічаючы ад імя незарэгістраванай арганізацыі, могуць патрапіць пад крымінальны перасьлед паводле артыкулу 193 КК Беларусі. Таксама была абмеркаваная праблема вызваленьня палітычных вязьняў, перадусім сустаршыні БХД Паўла Севярынца, сябраў арганізацыі і іншых палітвязьняў.

 

“У цэлым я застаўся задаволеным. Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску з боку ўладаў ніхто з рэгіянальных лідараў не забаяўся, не перастаў працаваць. А гэта значыць, што перамога будзе за намі, бо посьпех залежыць ня толькі ад нацыянальных лідараў, а перадусім ад рэгіянальных і ад шараговых актывістаў. У гэтым наш шлях да перамогі”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

На мінулым тыдні Рымашэўскі ўжо праводзіў сустрэчы з сябрамі аргкамітэту БХД ў Гародні, таксама меў сустрэчу ў Слоніме.

Болей навін