“Нельга забыць”: штодня ля Чырвонага касьцёла моляцца за палітзьняволеных і запальваюць зьнічы свабоды (Фота)

04 сакавіка 2011 10:19  |  Навіны

Штодня а 20-й гадзіне каля Чырвонага касьцела зьбіраюцца людзі і запальваюць Зніч Свабоды, як знак салідарнасці с палітвязьнямі, з іх роднымі, штодня гучыць малітва за палітзьняволеных і ўсіх ахвяраў беларускага рэжыму. Учора, 3 сакавіка, да гэтай малітоўнай акцыі далучылася Тацяна Яўгенаўна Севярынец, маці зьняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца. 

Гэтая малітоўная ініцыятыва атрымала назву “Нельга забыць”, бо сапраўды нельга забыць гвалт над безабароннымі людзьмі, які ўчынілі беларускія ўлады 19 сьнежня толькі за тое, што людзі праглі свабоды і сумленных выбараў, нельга забыць дзяржаўны тэрор у дачыненьні да ўсіх нязгодных у  наступныя месяцы пасьля крывавай нядзелі, гвалт, які працягваецца і зараз, страшныя прысуды, якія выносяцца несправядлівым судом.

Штодня гучаць словы малітвы за несправядліва зьняволеных і ахвяраў перасьледу:

 

“Госпадзе Ісусе Хрысьце, дай, каб іхнія цярпеньні і ахвяры не былі дарэмнымі, але, як тое зерне, што ўпала ў зямлю, прынесьла багаты плён справядлівага міру, свабоды і шчасьлівай будучыні для беларускага народу і ўсяго сьвету. А ім самім дай хуткае вызваленьне, каб яны разам з усімі намі заўсёды радасна славілі ўсесьвятое і пачэснае Імя Тваё”.

Увесь час штодня  ўдзельнікаў акцыі пільнуюць  пераапранутыя ў цывільнае міліцыяны, якія кожны крок здымаюць на відэакамеру.

Учора таксама гучаў верш Рыгора Барадуліна  “Узятыя на смерць павінны жыць”:

Узятыя на смерць павінны жыць.
Яны прыйшлі ў жыццё,
Каб цемра знікла.
Каб д’яблавы ашчэраныя іклы,
За ганьбу помсцячы,
Ушчэнт скрышыць.
Дай моцы духу
Ратнікам святла.
Рашучыя не могуць быць рабамі.
Хай здрайцы ў дол пакоры
Б’юць ілбамі,
Трывацьме непахіснасьці скала.

Заклікаем усіх неабыякавых людзей далучацца да малітоўнай акцыі. Будзем разам перамагаць Зло малітвай! Будзьма салідарнымі і ў бядзе , і ў радасці!

 

"Нельга забыць": штодня ля Чырвонага касьцёла моляцца за палітзьняволеных і запальваюць зьнічы свабоды (Фота)

"Нельга забыць": штодня ля Чырвонага касьцёла моляцца за палітзьняволеных і запальваюць зьнічы свабоды (Фота)

"Нельга забыць": штодня ля Чырвонага касьцёла моляцца за палітзьняволеных і запальваюць зьнічы свабоды (Фота)
"Нельга забыць": штодня ля Чырвонага касьцёла моляцца за палітзьняволеных і запальваюць зьнічы свабоды (Фота)

Болей навін