Лукашэнка назваў сапраўдную прычыну нерэгістрацыі БХД
У інтэрвію амэрыканскай газэце “Вашынгтон пост” Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ніколі ня будзе зарэгістраваная, паколькі хрысьціянскія дэмакраты удзельнічалі ў так званых “беспарадках” – у акцыі пратэсту ў дзень выбараў.
Але дзяржаўнае агенцтва БелТА, якое надрукавала сёньня вытрымкі з гэтага інтэрвію, падало далёка ня ўсе з таго, што сказаў Лукашэнка журналісту “Вашынгтон пост”.
Сярод таго, што патрапіла пад нож дзяржаўнай цэнзуры, былі і выказваньні Лукашэнкі пра рэгістрацыю “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”. У тэксьце БелТА прысутнічае расповед прэзыдэнта пра тое, што ў Беларусі няма ніякіх праблемаў з рэгістрацыяй палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, але адсутнічае адказ на ўдакладняючае пытаньне пра БХД:
“Калі няўрадавыя арганізацыі не парушаюць законы, дык для іх не праблема зарэгістравацца”, — спрабаваў сьцвердзіць Лукашэнка.
“Гэта няпраўда. Як наконт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі?” — запытаўся журналіст.
“У Беларусі хрысьціянскія дэмакраты, верагодна, ніколі не будуць зарэгістраваныя. Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысьціянскія дэмакраты, яны – бандыты”, — абрэзаў Лукашэнка.
Між тым, “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, заклікаючы людзей да ўдзелу ў акцыях пратэсту, заўсёды казала пра мірную дэманстрацыю, а прадстаўнікі БХД усяляк спрабавалі не дапусьціць масавых беспарадкаў.
Больш за тое, 19 сьнежня 2010 году кандыдат у прэзыдэнты ад БХД і яе сустаршыня Віталь Рымашэўскі актыўна заклікаў грамадзянаў не паддавацца на правакацыі, спрабаваў наладзіць перамовы з прадстаўнікамі міліцыі, асабіста не даваў правакатарам біць шыбы і дзьверы ў Доме ўраду, што зафіксавана шматлікімі відэаматэрыяламі з Плошчы. За спробу спыніць біцьцё шкла дзьвярэй Дома ўраду Рымашэўскі, дарэчы, атрымаў удар па галаве.