Кастусю Шыталю даслалі позву ў суд на 10 сакавіка
Кастуся Шыталя, грамадскага актывіста, сябра аргкамітэта БХД і журналіста інтэрнэт-партала “Вестак”, выклікаюць у Глыбоцкі раённы суд 10 сакавіка. Такое патрабаванне ўтрымліваецца ў позве, якую 4 сакавіка даслалі заказным лістом на адрас яго маці Інэсы Шыталь.
Спачатку Шыталя збіраліся судзіць 3 сакавіка. Патрабаванне з’явіцца ў суд у гэты дзень было запісана ў пратаколе, копію якога ўручылі Шыталю 23 лютага ў Глыбоцкім райвыканкаме. Аднак, калі актывіст разам з паплечнікамі прыйшоў у суд, высветлілася, што судовае паседжанне не прызначанае.
Кастуся Шыталя вінавацяць у парушэнні выбарчага заканадаўства. Нібыта, з’яўляючыся назіральнікам, ён перавышаў свае абавязкі і распытваў у студэнтаў профліцэя, чаму тыя галасуюць датэрмінова. На думку актывіста, пераслед яго можа быць выкліканы жаданнем мясцовай улады адпомсціць за назіранне за выбарамі і выкрыццё фальсіфікацый вынікаў галасавання.