Праваслаўныя і ўніяты распачынаюць Вялікі пост 7 сакавіка, рыма-каталікі 9-га
Вялікдзень сёлета праваслаўныя, каталікі і пратэстанты адзначаюць у адзін дзень — 24 красавіка.Традыцыйна у праваслаўных і каталікоў гэтай радаснай падзеі папярэднічае саракадзённы Вялікі пост, які нагадвае аб саракадзённым знаходжанні Госпада нашага Ісуса Хрыста ў пустыні і праз пакаянне рыхтуе вернікаў да прыняцця радаснай весткі аб Хрыстовым Уваскрасенні.
Хрысціяне візантыйскай літургічнай традыцыі — праваслаўныя і грэка‑католікі — сёлета распачынаюць Вялікі пост у панядзелак 7 сакавіка. У нядзелю ў храмах пасля багаслужбаў адбыўся асаблівы даравальны чын, а першыя чатыры дні паста чытаецца пакаяльны канон святога Андрэя Крыцкага.
У рыма-каталікоў пост распачынае Папяльцовая серада. Сёлета яна прыпадае на 9 сакавіка.
У Папяльцовую сераду вернікі прымаюць удзел у святой Імшы, падчас якой адбываецца пасыпанне галоваў попелам, сымбалем пакаяньня, часовага перабывання чалавека на гэтай зямлі, яго грэшнасці.
Падчас пасыпання галоваў попелам ад спаленых вербачак з мінулага года святар кажа: «Кайцеся і верце ў Евангелле».
Перажыванне Вялікага посту — гэта малітва, пост і міласціна.
Традыцыйны пост меў на ўвазе цялесныя адрачэнні (умеркаванасць у ежы, адмаўленне ад шкодных звычак, устрыманне ад удзелу ў забавах), а таксама працу над сабой і ўласнымі недахопамі.
Вялікі пост — гэта таксама час для споведзяў і пакаянняў.