Віталь Рымашэўскі: Заява Кастусёва – палітычная памылка

08 сакавіка 2011 15:02  |  Навіны

Сустаршыня БХД, экс-кадыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі назваў  палітычнай памылкай заяву іншага былога кандыдата, намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва аб спробе нейкага трэцяга апазіцыйнага кандыдата прапанаваць яму грошы за зняццё сваёй кандыдатуры.

 

“Безумоўна, ёсць супярэчнасці: у поглядах, падыходах, стратэгіях, якія трэба вырашаць, але не такім чынам. Калі апанент не можа адказаць, гэта проста непрыгожа”, – лічыць Рымашэўскі. – “Трэба думаць пра палітычныя наступствы падобных заяваў. Калі спадар Кастусёў хацеў заявіць пра не зусім карэктныя ці неэтычныя паводзіны кандыдатаў, то трэба было гэта рабіць адразу ж”.

6 сакавіка Рыгор Кастусёў заявіў, што падчас выбараў адзін з кандыдатаў на прэзідэнта прапанаваў яму зняць кандыдатуру за 100 000 даляраў. Таксама экс-кандыдат паведаміў, што яго спрабавалі зняславіць, публікавалі на яго “пасквілі” – прычым рабілі гэта не ўладныя структуры.

“Падобныя заявы як такія не прывядуць да расколу апазіцыі і Рады дэмакратычных сілаў. Але ў прынцыпе падобнага кшталту паводзіны не спрыяюць еднасці. Спрачацца патрэбна, але спрачацца ў прынцыповых момантах, ў пытаннях стратэгіі, у пытаннях падставовых. А спрачацца з нагоды таго, што хто пра каго сказаў, распавёў, – гэта ўзровень хутчэй сталых бабулек, якія сядзяць на лаўцы ля пад’езду, чым палітыкаў”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

Болей навін