Рымашэўскі: я не зьбіраюся эміграваць

14 сакавіка 2011 11:57  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі 14 сакавіка пракамэнтаваў сытуацыю з эміграцыяй зь Беларусі яшчэ аднаго былога кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча. “Я цалкам разумею ўчынак Алеся і не асуджаю яго. Безумоўна, за мяжой ён будзе ў значна большай бясьпецы”, – адзначыў сустаршыня БХД.

 

“Для сябе я не разглядаю варыянту эміграцыі. У Беларусі заўсёды было небясьпечна займацца палітыкай, як да 19 сьнежня, так і пазьней. За маімі плячыма стаіць партыя “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і, калі эмігрую я ці хтосьці іншы з кіраўніцва БХД, тады трэба будзе па крысе эміграваць усёй партыі, бо яна ня спыніць сваёй дзейнасьці”, – мяркуе Віталь Рымашэўскі.

 

Палітык таксама пракамэнтаваў той факт, што ў Беларусі засталася сям’я Алеся Міхалевіча. “Я думаю, што ў сёньняшніх умовах ён ня мог паступіць інакш. У сваю чаргу “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” будзе сачыць за лёсам сям’і Алеся, будзе аказваць ёй усялякую магчымую дапамогу і падтрымку”, – паведаміў сустаршыня БХД.

 

Віталь Рымашэўскі, апроч таго, закрануў выказваньне Алеся Міхалевіча, пра тое, што ён ня спыніць працу “над спыненнем катаваньняў і вызваленьнем усіх, хто незаконна ўтрымліваецца па палітматывах”. “Усё залежыць ад самога Алеся. Да выбараў ён не ішоў супраць улады, пасьля выхаду з турмы таксама крытыкаваў толькі КДБ, не закранаючы Аляксандра Лукашэнкуі дзейсную уладу. Цяпер за мяжой ён будзе ў значна больш свабодных умовах. Я думаю, што цяпер ён зможа больш свабодна выказвацца”, – лічыць сустаршыня БХД. 

Болей навін