У Гомелі стварылі Зьвяз дэмакратычных арганізацыяў. Каментар Юрыя Клімовіча
Форум дэмакратычных сілаў Гомельшчыны, які праходзіў у Гомелі 12-13 лютага, нечакана для ўсіх скончыўся стварэньнем Зьвяза дэмакратычных арганізацыяў, у які ўвайшлі ўсе недзяржаўныя арганізацыі, партыі ды абласныя штабы былых кандыдатаў. Пра гэта паведаміў прэс-службе БХД каардынатар аргкамітэту па Гомельскай вобласьці Юры Клімовіч, абраны адным з 3-х каардынатараў гэтага аб’яднаньня.
Пасьля працяглай дыскусіі, выкліканай мноствам супярэчнасьцяў сярод розных палітычных сілаў вобласьці, было абвешчана аб стварэньні Зьвяза дэмакратычных арганізацыяў Гомельшчыны, у які ўвайшлі ўсе недзяржаўныя арганізацыі, партыі і прадстаўнікі абласных штабоў былых кандыдатаў у прэзідэнты. Для ажыцьцяўленьня каардынацыі дзейнасьці Зьвяза быў абраны сакратарыят у складзе трох асобаў: Клімовіча Юрыя (аргкамітэт БХД), Варонежцава Юрыя (ад руху “Гавары Праўду”) і Кузьняцова Пятра (рух “За Свабоду”).
Зьвяз, які будзе існаваць напрацягу міжвыбарчага перыяду і не зьяўляецца жорсткай структурай, створаны для абмену думкамі, знаходжаньня агульных рашэньняў і выпрацоўкі сумесных дзеяньняў у сітуацыі, якая склалася пасьля 19 сьнежня, у прыватнасьці для каардынацыі высілкаў па вызваленьні палітвязьняў і інфармаваньня насельніцтва пра фальсіфікацыю выбараў і сапраўдныя падзеі ў дзень выбараў на Плошчы Незалежнасьці ў Менску.
Гомельскі каардынатар аргкамітэта БХД Юры Клімовіч станоўча ацаніў стварэньне гэтага аб’яднаньня: “Ацэнка таго, што адбылося на форуме, станоўчая, хоць гэта і нечакана для мяне. Галоўнае — знайсьці пункты судачыненьня, якіх шмат, і створанае аб’яднаньне дае для гэтага магчымасьць.
Акрамя таго, форум, які адбыўся, вельмі важны для і абласнога аргкамітэту БХД. Пасьля таго, як распалася БНБ, і зважаючы на пэўныя праблемы, якія ўзьніклі падчас выбараў унутры ўласна гомельскага БХД, мы апошнім часам апынулася ў меньшасьці. Але на гэтым форуме прадстаўнікам БХД у складзе 5 чалавек удалося аднавіць страчаную раўнавагу палітычных сілаў у вобласьці.”
Форум дэмакратычных сілаў Гомельшчыны, які адбыўся у Гомелі ў апошнія выходныя 12-13 лютага, быў прысьвечаны абмеркаваньню вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі, абмеркаваньню сёньняшняй складанай грамадзка-палітычнай абстаноўцы ў Беларусі ды пошуку магчымасьцяў узаемадзеяньня паміж рознымі грамадзкімі і палітычнымі сіламі рэгіёна.
Фота “Радыё Свабода”