Паўлу Севярынцу зноў адмовілі ў сустрэчы з маці і сьвятаром
Маці сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца Тацяна Яўгенаўна паведаміла, што 14 сакавіка атрымала два лісты ад сьледчага Санько, які займаецца справай яе сына. А напярэдадні ў суботу, 12 сакавіка, Тацяна Севярынец атрымала ліст ад самога Паўла, 10-ы па ліку, але за нумарам 17.
Следчы ў першым зь лістоў адмовіў Тацяне Севярынец у сустрэчы з сынам. У другім лісьце, які тычыцца просьбы на сустрэчу Паўла са сьвятаром, Санько адзначыў, што дадзенае пытаньне знаходзіцца не я ў яго кампэтэнцыі, таму ён ня можа дазволіць сустрэчу.
У сувязі з гэтым Тацяна Яўгенаўна распавяла, што ў чацьвер, 17 сакавіка, зьбіраецца наведаць Менск, каб зноў дамагацца сустрэчы сына са сьвятаром. “У суботу, 19 сакавіка, я маю намер сустрэцца са сьвятаром Васілём, адказным у япархіі за працу са зьняволенымі. Разам мы зьбіраемся вырашыць гэтае пытаньне, разгледзець адпаведныя законы”, – адзначыла Тацяна Севярынец.
Як паведамлялася раней, Тацяна Севярынец падала заяву да сьледчага з просьбай на дазвол сустрэчы Паўла са сьвятаром. Зараз заява знаходзіцца ўва ўпраўленьні япархіі. Такую самую заяву Павал падаваў яшчэ за месяц да таго, бо хацеў паспавядацца і прычасьціцца перад постам, але яе не задаволілі.
Пра ліст самога ПаўлаТацяна Севярынец распавяла прэс-службе БХД наступнае:
“У гэтым лісьце ён жартуе, цытуе Біблію. Таксама кажа, што бліжэй да суду – усё паціху прыходзіць у норму. Як нам падаецца, гэта зьвязана з магчымым зьмяншэньнем зьдзекаў пасьля выступу Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў КДБ. Таксама ён просіць зноў сшыткі і асадкі. Але мы іх яму перадавалі. Пэўна, іх не перадалі, як раней не перадалі зубную шчотку”, – паведаміла Тацяна Севярынец.