Запрашаем супольна наведаць юбілейную выставу «Пагоні» з Міколам Купавам

15 сакавіка 2011 14:17  |  Культура

У сераду 16 сакавіка ў 17.00 менскіх сяброў і прыхільнікаў БХД запрашаем далучыцца да калектыўнага наведвання выставы суполкі «Пагоня» разам зь вядомым мастаком Міколам Купавам. Адрас выставы: вул. Казлова, 3, Палац мастацтваў. Даведкі па тэл. +375-29-130-67-67 (Vel)

Юбілейная выстава творчай суполкі “Пагоня”, традыцыйна прымеркаваная да Дня Волі, а ў гэтым годзе прысьвечаная таксама 20-м угодкам самой “Пагоні”, адкрылася ў сталічным Палацы мастацтваў у пятніцу 11 сакавіка і будзе даступная для прагляду да канца месяца. 

Творчая суполка «Пагоня» у складзе Беларускага саюза мастакоў утварылася ў 1990 годзе  «дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу, ягонага духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэння». Гэты гурток запачаткаваў плынь у мастацтве, якую крытыкі назвалі «гістарычным рамантызмам». Чынны ўдзел у дзейнасці суполкі ад пачатку бралі Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава, Уладзімір Крукоўскі, Георгі Скрыпнічэнка, Генадзь Драздоў, Уладзімір Сулкоўскі, Юры Піскун, Алесь Шатэрнік, Аляксей Марачкін.

Менавіта сябры «Пагоні» Крукоўскі, Кулік і Талбузін сталі стваральнікамі дзяржаўнае сімволікі незалежнай Беларусі ў 1991-м годзе.

 

У сённяшняй экспазіцыі дэманструюцца творы 60 мастакоў рознага ўзросту і розных творчых манераў, у тым ліку , у тым ліку Яўгена Куліка і Віктара Шматава, якіх ужо няма ў жывых. Сярод іншых такія славутыя майстры, як Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Георгі Скрыпнічэнка. Сюжэты твораў не толькі гістарычныя, многія адлюстроўваюць падзеі сучаснасці.

Менавіта таму, шэсць працаў з яе экспазіцыі былі зьнятыя напярэдадні з ідэалагічных прычынаў. Кіраўніцтва Саюзу мастакоў не дазволіла выставіць два творы Аляксея Марачкіна, тры плякаты Уладзімера Крукоўскага і карціну Віктара Мікіты. На пяці зь іх ёсьць нацыянальная сымболіка — герб «Пагоня», бел-чырвона-белыя сьцягі, а палатно Марачкіна «Здані (пераможцы)» прысьвечанае падзеям 19 сьнежня ў Менску. На ім — шэрагі АМАПаўцаў, на пярэднім пляне баец-прывід з кветкай і сабака. 

Болей навін