У Віцебску таксама адсьвяткуюць Дзень Волі

23 сакавіка 2011 12:08  |  БХД

У Віцебску сьвяткаваньне Дня Волі пачнецца 25 сакавіка а 17.30 на Плошчы Свабоды. Пра гэта 15 сакавіка паведаміла каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” па Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец.

 

Зь яе словаў, 21 сакавіка павінен прыйсьці афіцыйны адказ ад гарвыканкаму на запыт аб правядзеньні акцыі 25 сакавіка. Але, нават, калі адказ уладаў будзе адмоўным, Дзень Волі ў Віцебску ўсё адно адсьвяткуюць, адзначыла Тацяна Севярынец.

 

Нагадаем, што ў Менску збор удзельнікаў плянуецца а 18-00.  У пададзенай у Менгарвыканкам заяўцы на мітынг і шэсьце быў пазначаны маршрут: плошча Якуба Коласа — парк Янкі Купалы. Галоўнымі лёзунгамі акцыі 25 сакавіка стануць  «Свабоду палітвязьням» і «Незалежнасьць Беларусі».

 

Таксама Тацяна Яўгенаўна распавяла пра паседжаньне Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў Віцебшчыны, якое адбылося 14 сакавіка. Зь яе словаў, удзельнікі паседжаньня прынялі катэгарычнае рашэньне ня ўдзельнічаць у якіхсьці выбарах, пакуль у краіне маюцца палітзьняволеныя.

 

Абласныя дэмсілы вызначылі 4 галоўныя накірункі, па якіх зьбіраюцца арганізоўваць сваю працу:

  1. інфармацыйны
  2. масавыя мерапрыемствы
  3. юрыдычны і зьмены ў выбарчым заканадаўстве
  4. салідарнасьць з палітзьняволенымі, іх рэабілітацыя, дапамога ім і іх сем’ям, праца па вызваленьні палітвязьняў.

Каардынатаркай апошняга накірунку абралі Тацяну Севярынец.

Болей навін