Севярынец: вязьням не даюць сустракацца са сьвятарамі
Сустаршыня агркамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец, які на працягу амаль трох месяцаў знаходзіцца ў СІЗА КДБ, даслаў чарговы ліст сваім бацькам. У ім ён выказвае падзяку за дапамогу ў справе атрыманьня дазволу на сустрэчу са сьвятаром.
“Гэта важна. І ня толькі для мяне. На жаль, паводле закона, у беларускага падсьледнага права на жыцьцёваважныя – споведзь, прычасьце – ёсьць, але на практыцы няма. Спадзяюся, хаця б у гэтым пытаньні мы з удзелам тых, хто разумее закон, зробім добрую справу і для тых, хто будзе пасьля”, – адзначыў у лісьце Павал Севярынец.
Сустаршыня БХД паведамляе таксама, што пасьля выходных атрымаў тры лісты ад Насты Палажанкі, што ён ведае пра хваробу Ірыны Губскай. Яна “ахвярная і шмат робіць”, “у яе вельмі чыстае сэрцайка”, піша з турмы адзін зь лідараў БХД.
Павал Севярынец таксама дзякуе за падтрымку і перадае ўсім прывітаньне. “Няхай не сумняваецца сэрца вашае, веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце”, кажа Хрыстос (Яна 14:1). І трохі далей “Я і Дарога, і Праўда, і Жыцьцё, ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі празь Мяне” (Яна 14:6). Калі верым у Хрыста, будзем жыць вечна”, – нагадвае Павал.