Рымашэўскі: беларуская АЭС – бомба запаволенага дзеяньня
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, зьвяртаючы ўвагу на падзеі на атамных электрастанцыях Японіі, адзначыў, што пляцоўка для беларускай АЭС не адпавядае неабходным нормам. “Вядома, што пляцоўка, абраная для будаўніцтва беларускай АЭС, не адпавядае ўмовам будаўніцтва атамных электрастанцый, бо яна знаходзіцца на мяжы тэктанічных пліт. У выніку землятрусу на ёй можа адбыцца выбух”, – адзначыў палітык.
“Няма даверу і да расейскіх тэхналёгіяў і іх тэхнічных магчымасьцяў будаваць АЭС. У выпадку будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы ды яшчэ расейскімі спэцыялістамі мы атрымаем бомбу запаволенага дзеяньня”, – лічыць сустаршыня БХД.
“Вельмі шкада, але насуперак меркаваньня і пратэстам у грамадзтве беларускую АЭС усё-ткі пачнуць будаваць. Можна толькі вітаць тыя ініцыятывы, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС”, – паведаміў Віталь Рымашэўскі.
Ён адзначыў, што паводле падлікаў экспэртаў, эканамічныя страты ад аварыі толькі на адной Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе на сотні гадоў пераўзышлі прыбыткі ад дзейнасьці дзясяткаў АЭС. “Страты ж чалавечых жыцьцяў увогуле невымерныя”, – падкрэсьліў сустаршыня БХД.
Віталь Рымашэўскі таксама вітаў заяву Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея І, які прапанаваў адмовіцца ад атамных электрастанцый на карысьць альтэрнатыўных крыніц энэргіі. “Заяву Канстанцінопальскага патрыярха можна толькі вітаць. Спадзяюся, што да яе прыслухаюцца і кіраўнікі дзяржаў”, – адзначыў ён.