На рэгіёнах дапытваюць дапытаных, папярэджваюць папярэджаных

15 сакавіка 2011 15:59  |  Навіны

Затрыманьні й допыты грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах працягваюцца. Сьледчыя КДБ часам выклікаюць актывістаў нібыта на так званыя «прафіляктычныя гутаркі», але ў выніку выносяць афіцыйныя папярэджаньні. Сярод іншых рэгіянальных актывістаў дапытваюць і папярджваюць сябраў і прыхільнікаў аргкамітэту БХД.

Берасьцейшчына. Выклікалі на гутарку, а правялі допыт.

 

На Берасьцейшчыне сьледчыя КДБ і надалей выклікаюць актывістаў нібыта на так званыя прафіляктычныя гутаркі, але ў выніку выносяць афіцыйныя папярэджаньні. 

Супрацоўнікі Баранавіцкай управы КДБ выклікалі на прафіляктычную гутарку актывістку БХД з Баранавічаў Тацьцяну Малашчанку. Яна кажа, што гутарка сталася на самой справе допытам. Сьледчы КДБ выпісаў Тацьцяне папярэджаньне:

«Найперш супрацоўніка КДБ цікавіла дзейнасьць БХД. Я так зразумела, што яны зараз шукаюць грошы. Цікавіліся, ці паступалі нейкія сродкі з-за мяжы ці, напрыклад, зь Менску. Пасьля сьледчы паказаў мне 123 артыкул Крымінальнага кодэксу і адзначыў, што мяне афіцыйна папярэджваюць аб недапушчэньні правапарушэньня. Наступным разам я ўжо буду несьці крымінальную адказнасьць. Я падпісала гэтыя дакумэнты, аб папярэджаньні».

Магілёўшчына. Першыя суды супраць папярэджаньняў КДБ пройдуць у Магілёве.

Ленінскі суд Магілёва прыняў да разгляду скаргі двух актывістаў апазыцыі на абласную ўправу КДБ. Сябры стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» — Тацяна Шамбалава й партыі БНФ — Зьміцер Салаўёў лічаць, што спэцслужба незаконна паставіла іх на прафіляктычны ўлік і вынесла папярэджаньні. 

Былая давераная асоба кандыдата на прэзыдэнцтва Віталя Рымашэўскага Тацяна Шамбалава, якая 10 сутак галадала ў ІЧУ Менскага раёна, стаіць на прафіляктычным уліку ў КДБ ад 9 лютага. Камітэтчыкі пакаралі дзяўчыну за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды за дзейнасьць у незарэгістраванай арганізацыі — партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Цяпер актывістка ў Польшчы. Там яна вучыцца. Вырак спэцслужбы камэнтуе гэтак:

«Два артыкулы, згаданыя ў папярэджаньні, супярэчаць і Канстытуцыі, і міжнародным пагадненьням. Таму сябе я вінаватай ні ў чым не лічу й не лічу, што мае паводзіны даюць нейкія падставы меркаваць пра тое, што я магу ў будучым зрабіць правапарушэньне».

 

Разгляд скаргаў адбудзецца 21 сакавіка. Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што зроблена гэта наўмысьля, каб расьцярушыць прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія захочуць стаць сьведкамі першых судоў над спэцслужбай:

«КДБ — дужа грозная арганізацыя. Многія яе баяцца. Упершыню на іх у Магілёўскай вобласьці пададзеныя скаргі ў суд. Будзе паказана й даказана, што яны незаконна дзейнічаюць і непісьменна. Публічна ў судзе гэта будзе зроблена. Гэта дасьць магчымасьць людзям перастаць баяцца КДБ».

 

Гарадзеншчына. Наваградзкія актывісты лічаць, што КДБ хоча выкарыстаць іх у якасьці сьведак.

У панядзелак у КДБ у Менску дапыталі чацьвёртага па ліку хрысьціянскага актывіста з Наваградку — Юрыя Казака. 
Наваградзкія актывісты, вернікі царквы “Новае пакаленьне” Уладзімер Качагур, Сяргей Ваўчок, Юры Казак і Дар’я Бахар пасьля допытаў у КДБ кажуць, што найбольш пытаньняў ім задавалі наконт маладафронтаўцаў Алеся Кіркевіча, Уладзі Яроменкі і Насты Палажанкі. 

Дар’я Бахар кажа, што, зьезьдзіўшы ў Менск на допыт у КДБ, нічога не даведалася, акрамя таго, што і так відавочна: 
«Ну што там казаць, яны робяць сваю працу — шыюць справы тым людзям, якія былі затрыманыя на Плошчы і зараз сядзяць у турме. Такая вось у іх праца…»
Сяргей Ваўчок, якога дапытвалі ў суботу, кажа: у яго склалася такое ўражаньне, што, магчыма, іх хочуць выкарыстаць пазьней у судзе супраць маладафронтаўцаў, зь якімі яны былі разам напярэдадні падзей на Плошчы: 

У прынцыпе, ім нашы паказаньні ўжо і непатрэбныя, бо яны і так усё ведаюць.«У прынцыпе, ім нашы паказаньні ўжо і непатрэбныя, бо яны і так усё ведаюць. Хутчэй за ўсё, яны хочуць набраць сьведак на суд супраць маладафронтаўцаў Кіркевіча, Яроменкі і Палажанкі, таму што большасьць пытаньняў тычылася іх».

Пастар навагрудскай царкоўнай суполкі “Новае пакаленьне” Уладзімер Качагур раней распавядаў, што супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу канфіскавалі ў аднаго з маладафронтаўцаў асабісты дзёньнік, у якім той нібыта падрабязна запісваў, як разам з сябрамі рыхтаваўся да Плошчы. Качагур кажа, што, магчыма, арыентуючыся па гэтых запісах, сьледчыя выходзяць на тых, пра каго там было напісана: 

«Ці яны хочуць нас на суд запрасіць, ці яшчэ нешта — ня ведаю. Хаця, наўрад ці яны нас запросяць на суд, паколькі ведаюць пра нашы паводзіны. Напэўна, яны ўсё ж правяралі, ці ня будзем мы хавацца…»

Болей навін