Шэін: рэжым прадумана працягвае закручваць гайкі
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін пракамэнтаваў апошнія рашэньні беларускіх уладаў адносна суду па справе “Аўтарадыё” і дэпартацыі расейскага праваабаронцы Андрэя Юрава. “Гэтыя справы аднаго парадку. Рэжым прадумана і цьвёрда ідзе курсам, абраным тры месяцы таму”, – лічыць сустаршыня БХД.
“Сёньняшні рэжым працягвае пачаты 19 сьнежня 2010 года курс на закручваньне гаек, пазбаўленьне свабодаў, узмацненьне атмасфэры страху. Любая альтэрнатыўная інфармацыя, нават калі яна зыходзіць ад замежнікаў як у выпадку спадара Юрава, для ўлады зьяўляецца непажаданай”, – адзначыў палітык.
На яго думку, справа “Аўтарадыё” закліканая “паказаць усім людзям, якія займаюцца сваім бізнэсам, што, калі яны пажадаюць стаць “занадта самастойнымі”, дзяржава забярэ ў іх іхную справу”.
Нагадаем, што 17 сакавіка касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду на скаргу міністэрства інфармацыі накіравала на перагляд справу “Аўтарадыё”, якое мінінфарм вінавіціць у закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці.