Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні мітынга 25 сакавіка
Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў у правядзеньні мітынгу ў Дзень Волі 25 сакавіка 2011 года. Пра гэта паведаміла рэгіянальны каардынатарка аргкамітэта БХД. Ірына Губская, якая выступала адным зь ініцыятараў правядзеньня акцыі. Паводле яе словаў менскія ўлады адмовілі ў правядзеньні шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да сквэру імя Янкі Купалы, дзе паводле заявы меў адбыцца мітынг.
Менгарвыканкам паведаміў, што шэсьце забаронена, паколькі блізка знаходзяцца мэтро, школа, інтэнсіўна ходзіць транспарт. Каб захаваць свой твар, Менгарвыканкам дазволіў мітынг, бяз шэсьця, на плошчы Бангалёр з 18:00 да 20:00.
“Мы лічым гэта зьдзекам, зьдзекам зь людзей, са сьвята, з законаў. Яны ўзгадваюць пра закон, пра транспарт толькі тады, калі справа датычыцца апазыцыі. Для правядзеньня ж іхных акцыяў транспарту й законаў ня існуе. Аргкамітэт па сьвяткаваньні Дня Волі канчаткова зьбярэцца ў панядзелак, 21 сакавіка. Да чаго мы прыйдзем, пакуль невядома. Але я магу сказаць дакладна, што на Бангалёр мы ня пойдзем. Хутчэй за ўсё мы напішам заяву, у якой здымем зь сябе ўсю адказнасьць за правядзеньне акцыі”, – адзначыла Ірына Губская.
“Улады баяцца масавых акцыяў, сапраўды масавых. На маё пытаньне, ці можам мы сабрацца на Акадэміі Навук улады паведамілі, што мы самі адмовіліся ад гэтага варыянту, да таго трэба ўлічыць разнастайныя фактары, у тым ліку надвор’е. Зразумела, што ў гэтым пытаньні першае месца займае перадусім палітычнае надвор’е”, – лічыць каардынатарка БХД.