КДБ забараніў Рымашэўскаму наведаць Гомельшчыну
Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі забараніў экс-кандыдату ў прэзыдэнты, сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Віталю Рымашэўскаму наведаць Гомельскую вобласьць.
Як паведаміў палітык, візыт плянаваўся на 19-20 сакавіка, і папярэдне КДБ даў на яго дазвол. Але 18 сакавіка гэты дазвол быў адкліканы, і Віталю Рымашэўскаму забаранілі паездку на Гомельшчыну.
“Я лічу, што гэта зьвязана зь нядаўнімі ўцёкамі ў Чэхію Алеся Міхалевіча”, – адзначыў сустаршыня БХД.
Нагадаем, што 13 сакавіка зь Беларусі ў невядомым напрамку зьехаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч. 18 сакавіка міністар замежных спраў Чэхіі Карал Шварцэнбэрг паведаміў, што палітык папрасіў прытулку ў гэтай краіне.