Рымашэўскі: «Гэта зацішша перад бурай. Пытаньне толькі — калі яна будзе?»
Так супала, што 19 сакавіка спаўняецца 5 гадоў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і тры месяцы пасьля апошніх выбараў 2010 году. Ці зьмянілася краіна за апошнія пяць гадоў, ці ёсьць зьмены пасьля 19 сьнежня?
На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года было 4 кандыдаты ў прэзыдэнты — Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Казулін, Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Мілінкевіч. Паводле ЦВК, у 2006-м за Лукашэшку прагаласавала 82,6%, за Мілінкевіча — 6%, за Гайдукевіча — 3,5%, за Казуліна — 2,3%.
На выбарах 2010 году было 10 кандыдатаў у прэзыдэнты. Паводле афіцыйных зьвестак, Лукашэнка набраў 79,65% галасоў выбарцаў. Усясьветная дэмакратычная супольнасьць не прызнала вынікі выбараў, заявіўшы пра фальшаваньні.
19 сьнежня ўлады жорстка разагналі акцыю пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Сотні людзей былі асуджаныя на адміністратыўныя арышты. Амаль паўсотні чалавек зьвінаваліцілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Сьледзтва па бальшыні крымінальных справаў працягваецца.
Але за апошнія 3 месяцы краіна зьмянілася. Ёсьць як станоўчыя, так і адмоўныя моманты ў гэтых зьменах, лічыць кандыдат у прэзыдэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі:
«Адмоўныя — гэта, безумоўна, страх. Тое, чаго беларускія ўлады альбо беларускія сілавыя структуры хацелі, яны ў пэўным сэнсе дамагліся. Гэта значыць, грамадзкая актыўнасьць насельніцтва зьменшылася. Але я б назваў гэта зацішшам перад бурай. Вось такімі жорсткімі рэпрэсіямі ўлада скампрамэтавала сябе. Многія людзі не падтрымалі ўладу. Многія падтрымалі дэмакратычных кандыдатаў. Многім апошнія падзеі дапамаглі зрабіць канчатковы выбар. Пакуль што гэтыя людзі пасіўныя. Запалоханыя. Але я перакананы, што гэта міна запаволенага дзеяньня. Гэта зацішша перад бурай. Пытаньне толькі — калі яна будзе?»