Жаночае малітоўнае шэсце салідарнасці з палітвязнямі ў Менску (Фота)

19 сакавіка 2011 23:11  |  Галоўныя навіны

Шэсце салідарнасці з палітвязнямі прайшло 19 сакавіка ў цэнтры Менска. У акцыі ўзялі ўдзел каля 25 чалавек, у тым ліку Тацяна Яўгенаўна Севярынец, маці зняволенага сустаршыні БХД Паўла Севярынца, маці палітвязняў Мікіты Ліхавіда, Эдуарда Лобава і Фёдара Мірзаянава,  а таксама Галіна Сіўчык, маці Вячаслава Сіўчыка, які цяпер за мяжой. У малітве і шэсці прынялі актыўны ўдзел і сябры аргкамітэту БХД.

У 17.00 ля касцёла Святога Язэпа на плошчы Свабоды пачаўся малебен за вяртанне вернікам былога кляштара бернардынаў з касцёлам з нагоды свята Святога Язэпа, якое адзначаецца 19 cакавіка ў касцёле. Таксама ля касцёла Святога Язэпа маліліся за палітвязняў.

19 сакавіка споўнілася тры месяцы ад апошніх прэзідэнцкіх выбараў і падзей на плошчы Незалежнасці ў Менску, а таксама шэсць гадоў з дня пачатку штодзённых набажэнстваў за вяртанне вернікам святыні, збудаванай у 1652 годзе на сродкі вернікаў. У набажэнстве ўзялі ўдзел каля 40 чалавек, як каталікі і грэка-каталікі, так і праваслаўныя і пратэстанты.

Грамадская актывістка Ганна Шапуцька адзначыла, што 17 лістапада 2010 года была створана ініцыятыва «Духоўнае сэрца Менска», якая пісьмова звярнулася да кіраўніцтва краіны з просьбай вярнуць комплекс вернікам. Паводле яе слоў, калі сябры ініцыятывы не атрымаюць станоўчага адказу, яны выступяць за вырашэнне пытання гэтага на гарадскім рэферэндуме.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Аляксей Шэін адзначыў, што святы Язэп, заступнік сям’і, шырока вядомы як абаронца справядлівасці. Шэін заклікаў удзельнікаў быць справядлівымі і дамагацца справядлівасці вакол сябе.

Затым удзельнікі набажэнства рушылі да Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці па вуліцах Інтэрнацыянальная, Валадарскага і праспекце Незалежнасці. Наперадзе ішлі маці і сваякі палітвязняў. На шыі кожнай быў бел-чырвона-белы шалік. Яны неслі знічы і маліліся. Два набажэнствы прайшлі насупраць турмы на вуліцы Валадарскага і на прыступках размешчанага побач будынка былой харальнай сінагогі, дзе зараз знаходзіцца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага.

Каля Чырвонага касцёла, ля скульптурнай кампазіцыі «Архангел Міхаіл перамагае зло», удзельнікі акцыі паставілі знічы, памаліліся і скіраваліся ў касцёл на сімфонію-малітву і імшу, якая была замоўленая ў інтэнцыі малітвы за палітвязняў. Пасля яе завяршэння яны правялі ля скульптурнай кампазіцыі арханёла Міхаіла малебен за палітвязняў.

Болей навін