Віншаваньні зь днём народзінаў Эрнста Сабілы

20 сакавіка 2011 23:03  |  Навіны

 

18 сакавіка споўнілася 79 гадоў беларускаму грамадскаму і рэлігійнаму дзеячу шматгадоваму вязьню ГУЛАГу, пастару Беларускай Эвангельскай Царквы і старэйшаму сябру БХД Эрнсту Канстанцінавічу Сабілу. Сябры праекту “Пакаяньне” аргкамітэту БХД наведалі і павіншавалі яго зь днём народзінаў. 

 

 
“Дзякуй за віншаваньні. Сьведчу, што і я, і ўся нашая Беларуская Эвангельская Царква заўсёды молімся за ўсіх прыналежнікаў БХД, за ўсіх беларускіх дэмакратаў і за ўсіх беларусаў, каб пазналі, што ёсьць воля Божая, і трымаліся яе”, – зьвярнуўся да сябраў БХД Эрнст Сабіла.

Сябры аргкамітэту БХД далучаюцца да віншваньняў і зычаць Эрнсту Сабілу моцнага здароўя, Божых дабраславеньняў яго сямьі і царкоўнай супольнасьці, а таксама дачакацца свабоднай Беларусі для Хрыста, за якую ён пакутаваў усё сваё жыцьцё.

Сабіла Эрнст Канстанцінавіч нарадзіўся 18.03.1932 ў вёсцы Дзехцяроўка Менскага раёну. Сямья Сабiлаў як ненадзейная была выселеная далей ад савецка-польскай мяжы і пасялілася ў Бабруйску. Падчас нямецкай акупацыі яны далучыліся да эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, былі ў партызанах. 

У 1951 годзе студэнт Менскага медычнага інстытута Эрнст Сабіла быў арыштаваны і паводле арт. 72-Б Крымінальнага кодэксу БССР (антысавецкая агiтацыя на падставе рэлiгiйных i нацыянальных забабонаў) быў прысуджаны да расстрэлу. Расстрэльны прысуд быў заменены на 25 гадоў лагероў. У агульнай колькасьці ён правёў у ГУЛАГу 13 гадоў. Двойчы рабiў спробы ўцячы, толькi цудам застаўся жывы. 

 
У 1964 Сабіла быў вызвалены і з часу вызваленьня знаходзіўся пад наглядам КДБ. У 1970-х гг. ён здолеў скончыць вячэрняе аддзяленьне Менскага iнстытута замежных моваў. Напачатку 1970-х г. стаў прапаведнiкам адной з незарэгiстраваных баптысцкiх супольнасьцяў Менска. З 1988 – прасьвiтар Эвангельскай царквы. Набажэнства вядзе на беларускай мове. 
 

З пачатку 90-х актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцьці, выступаў у СМІ i на мiтынгах. Увайшоў у аргкамітэт па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.

 

Віншаваньні зь днём народзінаў Эрнста Сабілы

Болей навін