Малады фронт перадаў у «Валадарку» духоўную літаратуру

21 сакавіка 2011 00:22  |  Навіны

Актывісты Маладога фронту перадалі ў бібліятэку так званай «Валадаркі» – следчага ізалятара ў Менску, падборку рэлігійнай і духовай літаратуры, у асноўным Бібліі.

 

Па словах намесніка старшыні арганізацыі Мікола Дземідзенкі, ён ведае, што ва ўмовах няволі людзям больш за ўсё дапамагае годна трымацца менавіта Біблія:

– У турме ў такіх цяжкіх умовах у людзей ёсць патрэба ў Божым слове. Мы разлічваем на тое, што ёсць магчымасць папоўніць бібліятэку, якая ўжо існуе ў СІЗА. Папоўніць тую бібліятэку Святым Пісаннем нам падаецца важным, таму што попыт на Біблію не толькі сярод палітзняволеных, але ўсіх людзей, якія апынуліся ў такіх складаных умовах – вельмі вялікі. Бібліяў, на жаль, не хапае. Мы іх збіралі, нам іх перадавалі некаторыя цэрквы, мы яшчэ і набылі іх – у нас іх дастаткова, хоць не магу назваць тут дакладную лічбу. Гэта недастаткова для ўсіх вязняў, але гэта будзе немалы ўклад – іх каля сотні.

Як сказаў Мікола Дземідзенка, з першага разу ўсе кніжкі перадаць на «Валадарку» не атрымалася, таму гэтая акцыя будзе працягвацца. Кнігі будуць перадаваць ў іншыя следчыя ізалятары, магчыма, у бібліятэку следчага ізалятару КДБ, у калоніі.
Для Маладога фронту гэтая ініцыятыва не з’яўляецца нечым новым. Раней кнігі перадаваліся ў Жодзінскую турму, дзе утрымліваўся лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч і некаторыя іншыя ўстановы пазбаўлення волі.

Болей навін