Рымашэўскі: Дашкевіч і Лобаў невінаватыя, іх трэба апраўдаць
22 сакавіка а 14.00 у Маскоўскім судзе Менска распачнецца суд над лідарамі “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым, якіх затрымалі яшчэ 18 сьнежня і вінавацяць у зьбіцьці з дапамогай цьвікадзёру двух невядомых. Сытуацыю пракамэнтаваў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
“Гледзячы на тое, што ўлады працягваюць зьнішчэньне апанэнтаў, імкнуцца да ліквідацыі дэмакратычных сілаў і негатовыя ісьці на кампраміс, можна меркаваць, што прысуд Зьмітру і Эдуарду будзе абвінаваўчым. У справядлівасьць нашых судоў даўно ўжо ніхто ня верыць. Я лічу, што хлопцы невінаватыя і ў нармальным выпадку іх трэба было б апраўдаць”, – адзначыў палітык.
Віталь Рымашэўскі таксама пракамэнтаваў сытуацыю з забаронай правядзеньня на Дзень Волі 25 сакавіка шэсьця ў Менску і пікетаў салідарнасьці з палітзьняволенымі ў рэгіёнах. “Акцыі, безумоўна, адбудуцца. Але адказнасьць за іх будзе ляжаць на ўладах, бо менавіта яны парушаюць заканадаўства аб правядзеньні сходаў”, – паведаміў сустаршыня БХД.