Дашкевічу – 2 гады, Лобаву – 4: прысуд хуткі, суровы і несправядлівы (Фота і відэа)
Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько сёньня вынесла вырак двум лідэрам «Маладога фронту», супраць якіх была зьдзейсьненая правакацыя, нібыта яны 18 сьнежня мінулага году пабілі двух беспрацоўных мінакоў. Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Эдуарда Лобава, які ў часе інцыдэнту меў з сабою манціроўку, пакаралі 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Суддзя Шылько прызнала іх вінаватымі ў хуліганстве – Дашкевіч быў асуджаны па другой частцы артыкула 339 «Злоснае хуліганства». Лобаў быў асуджаны па больш жорсткай трэцяй частцы артыкула «Асабліва злоснае хуліганства», таму, што па версіі следства, ён нібыта выкарыстоўваў у час бойкі металічны ломік.
Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў не пагадзіліся з гэтым прысудам і будуць яго ў бліжэйшыя дні абскарджваць. Асуджаныя заявілі на працэсе, што не вінаватыя і што сталі ахвярамі правакацыі, учыненай на загад уладаў за дзень да выбараў.
Суд хаваў пацярпелых Савіцкага і Малышава ад вачэй публікі ў суседнім з судовай заляй пакоі і не прыслухаўся да сьведчаньняў, што менавіта яны распачалі бойку.
Судзьдзя Алена Шылько сьпяшалася. Два дні яна вяла паседжаньні да 8 вечара, ня робячы перапынкаў нават на тое, каб прысутныя схадзілі ў прыбіральню. Усе хадайніцтвы адвакатаў аб правядзеньні дадатковых працэдураў, аб поўным высьвятленьні абставінаў справы і асабліва аб высьвятленьні асобаў дзіўных пацярпелых, якіх хавалі ад вачэй публікі, судзьдзя Шылько адхіляла, дэманструючы прыхільнасьць да абвінаваўчага боку.
Увесь прысуд палітвязьням судзьдзя Шылько таксама чытаць адмовілася, скорагаворкай агучыўшы толькі яго рэзалютыўную частку: «…Прызначыць Дашкевічу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьні волі тэрмінам на 2 гады з адбываньнем у калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму… Эдуарду Лобаву прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 4 гады з адбываньнем пакараньня ва ўмовах калёніі ўзмоцненага рэжыму».
Суровы вырак прысутныя ў судовай залі сустрэлі выгукамі «Жыве Беларусь!», але ў шмат каго з родных і сяброў падсудных на вачах былі сьлёзы. Адвакаты Мар’яна Сямешка і Алена Аўсянікава цягам працэсу дзясяткі разоў зьвярталі ўвагу суду на памылкі ў дакумэнтах, на недакладнасьці, на тое, што сьведкі адмаўляліся ад паказаньняў. Судзьдзя, аднак, іх так і не пачула. Цяпер адвакаты выглядалі стомленымі і расчараванымі. Камэнтаваць прысуд яны ветліва адмовіліся.
У суд прыйшлі дзясяткі паплечнікаў Дашкевіча і Лобава, каб падтрымаць іх, у тым ліку сябры аргкамітэту БХД і яго сустаршыня Аляксей Шэін. Былі таксама дыпламаты – кіраўнік амбасады Швецыі Штэфан Эрыксан, прадстаўнік нямецкай амбасады. Дыпламаты адмовіліся каментаваць прысуд.
Кіраўнікі Маладога фронту Наста Палажанка і Мікола Дземідзенка заявілі на прыступках суду, што рэпрэсіямі іх не спыніць, што зьняволеньне лідэраў не перашкодзіць іх апазыцыйнай дзейнасьці, а толькі кансалідуе яе і актывізуе.
Бацькі асуджаных казалі, што ў цяперашняй Беларусі і не разьлічвалі на справядлівы вырак. Пры гэтым яны цьвёрда выказвалі падтрымку сваім дзецям і іх перакананьням, заяўлялі, што будуць змагацца за іх вызваленьне.
Маці Эдуарда Лобава Марына пасьля вынесенага сыну жорсткага прысуду заявіла, што перш за ўсё спадзяецца на падтрымку міжнароднай супольнасьці, бо віна яе сына ў працэсе ніяк даведзеная не была: «Я маю надзею на дапамогу Эўразьвязу, што ён учыніць нейкае ўзьдзеяньне і наставіць на розум нашую ўладу, і ў рэшце рэшт усе палітычныя вязьні будуць адпушчаныя, у тым ліку і мой сын».
Бацька палітвязьня Юры Лобаў заявіў, што ганарыцца сваім сынам і што ў сям’і заўсёды падтрымлівалі ягоныя перакананьні:«Мы зь ім цалкам салідарныя і з усімі іншымі актывістамі апазыцыі. Тая сваволя, якая творыцца ў Беларусі, недапушчальная».
Так званым пацярпелым Юры Лобаў сказаў бы наступнае: «Будуць яны жыць з гэтым усё жыцьцё. Няхай, калі яны абралі такі шлях, хай ідуць. Але як яны будуць глядзець сваім дзецям у вочы?»
Вячаслаў Дашкевіч таксама перакананы ў тым, што ўлады ўчынілі над ягоным сынам Зьмітром палітычную расправу: «2 гады — гэта шмат. Прытым ні за што. Ім мала было, каб мой сын быў палітычным вязьнем, яны захацелі зрабіць яго крымінальнікам. Які зь яго крымінальнік і хуліган? Ён мухі не пакрыўдзіць, ён глыбока веруючы чалавек, а біцьцё, па Бібліі, — вялікі грэх. Ён ня можа ні на каго ўзьняць руку, хіба толькі ў абарону».
Антоні Бокун, пастар пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік», да якой належыць і Зьміцер, перакананы, што як добры вернік Дашкевіч ня мог кагосьці ўдарыць, асабліва ў тых умовах, якія былі 18 сьнежня 2010 году. Прысуд Дашкевічу і Лобаву пастар Бокун назваў «абсалютнай несправядлівасьцю»: «Несправядлівасьць караецца двума шляхамі. Па-першае, у гэтым жыцьці, па-другое, у жыцьці вечным. Той чалавек, які робіць несправядлівасьць, ён прыносіць пракляцьце і ў сваё жыцьцё, і ў жыцьцё сваіх родных, блізкіх. Увогуле, там, дзе адбываецца несправядлівасьць, туды прыходзіць Божы суд. І па-другое, тых людзей, якія робяць несправядлівасьць, як сказаў Ісус Хрыстос, чакае геена вогненная».