Тацяну Севярынец на Дзень Волі затрымалі ў Віцебску па абвінавачваньні ў кватэрным крадзяжы
26 сакавіка 2011 17:58 | Навіны
Віцебскую каардынатарку БХД Тацяну Севярынец, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ лідэра БХД Паўла Севярынца, затрымалі 25 сакавіка на прыпынку грамадскага транспарту недалёка ад дома па абсурдным падазрэньні ў кватэрным крадзяжы. Яна меркавала ўзяць удзел ва ўскладаньні кветак да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Уладзіміру Караткевічу, што ладзілі віцебскія дэмакратычныя актывісты з нагоды Дня Волі.
Міліцыянты завезьлі яе ў Першамайскі РАУС і заявілі, што яна падобная на злачынцу, падазраваную ў кватэрным крадзяжы, які быццам бы адбыўся 3 сьнежня 2010 года на вул Чарняхоўскай у Віцебску. Але ў гэты час Тацяны Севярынец у Віцебску ня было. Яна ў тыя дні амаль неадлучна сядзела побач з хворай маці ў лунінецкім шпіталі.
Прэс-службе БХД Тацяна Яўгенаўна распавяла: “Мне зрабілі асабісты дагляд пры панятых, апісалі ўсё, што знайшлі пры мне. Пры гэтым канфіскавалі “на экспертызу” бел-чырвона-белы сьцяг, якія я зьбіралася ўзьняць падчас акцыі: можа, і яго скрала. Таксама яны запісалі дадзеныя тых, хто можа пацьвердзіць маё алібі: галоўурача аддздьяленьня шпіталя ў Лунінцы. Выпусьцілі мяне толькі ў 20 хвілінаў на 9-ю, тобок пазьней, чым адведзеныя 3 гадзіны, і выдалі паперку, ў якой прапісана, што я падазраюся ў кватэрным крадзяжы. Вядома, я буду пісаць скаргі на гэты абсурд”.