Ірыну Губскую асудзілі на 3-е сутак: сёньня сустракаем (Абноўлена)
Толькі што ў судзе Савецкага суда асудзілі рэгіянальную каардынатарку БХД Ірыну Губскую, якая зьяўлялася заяўніцай акцыі на Дзень Волі і была затрыманая 25 сакавіка перад пачаткам акцыі. Cудзьдзя Дзьмітры Паўлічэнка прысудзіў ёй 3-е сутак арышту за дробнае хуліганства: быццам яна нецэнзурна лаялася, махала рукамі і не рэагавала на папярэджаньні міліцыянтаў. Такім чынам, яе павінны выпусьціць з ізалятара на Акрэсьціна ў 18-15. Сустракайма!
Сябры БХД чакалі Ірыну Губскую сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну, бо паводле папярэдняй інфармацыі яе павінны былі прыезьці на суд менавіта сюды. Выходныя Ірына Губская правяла ў ІЧУ на зав. Акрэсьціна, дзе яна, верагодна, абвесьціла сухую галадоўку. Сябры БХД спрабавалі перадаць ёй перадачу з вадой і рэчамі першай неабходнасьці, якую спачатку прынялі, але пасьля патэлефанавалі з просьбай забраць назад, бо Губская адмовілася яе прыймаць. На пытаньне, ці не абвесьціла яна галадоўку, прадстаўнік Акрэсьціна груба адказаў: “А гэта ўжо ня вашая справа”.
Ірына Губская 25 сакавіка была затрыманая прэвентыўна ў 17.45 на праспэкце Незалежнасьці каля рэдакцыі газэты «Вячэрні Менск» разам зь іншымі актывісткамі, таксама сябрамі БХД Тацянай Кім і Ганнай Шапуцькай. Іх завезьлі ў Цэнтральны РАУС быццам бы для высьвятленьня асобаў. Там на Ірыну быў складзены пратакол, пра што яна паведаміла праз смс адказнаму сакратару БХД Дзянісу Садоўскаму.
Паводле праваабаронцаў, 25 сакавіка агулам было затрымана каля 70 чалавек. Большасьць зь іх былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў праз 3 гадзіны, адведзеныя заканадаўствам для разьбіральніцтва. У менскую турму на Акрэсьціна былі дастаўленыя толькі Ірына Губская, а таксама Віктар Івашкевіч і Мікола Дземідзенка, якіх таксама асудзілі сёньня ў Савецкім судзе Менска. Вядомага палітыка Віктара Івашкевіча судзьдзя Аксана Рэлява таксама прызнала вінаватым у дробным хуліганстве і пакарала арыштам на 10 сутак, а намесьніка кіраўніка Маладога Фронту Міколу Дземідзенку абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства паўторна цягам аднаго году і судзьдзя Іна Ляўкова пакарала яго арыштам на 15 сутак.
Нагадаем, рэгіянальна каардынатарка аргкамітэту БХД Ірына Губская была адной з заяўнікаў правядзеньня шэсьця і мітынгу 25 сакавіка, якія дэмакратычныя актывісты супольна хацелі правесьці з нагоды Дня Волі ў цэнтры Менску. Падчас апошняга наведваньня Менгарвыканкама з прычыны адмовы ў правядзеньні гэтай акцыі сумнавядомы намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкама Ігар Яўсееў асабіста абяцаў затрымаць і пасадзіць на суткі яе і лідэра Маладога Фронту Дземідзенку.
Ірына Губская была таксама затрыманая падчас мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 года ў Менску. Тады яна была прысуджаная да 10 сутак адміністратыўнага арышту, першыя 5 зь якіх трымала сухую галадоўку на знак пратэсту супраць зьбіцьця падчас затрыманьня і адмовы ў дапамозе адваката.