Ірыну Логвін дапыталі ў менскім КДБ, заўтра і пасьлязаўтра допыты ў Каменевай і Чарнаморцавай

28 сакавіка 2011 11:01  |  Навіны

Ад сёньняшняга дня пачаліся штодзённыя допыты сябраў аргкамітэту БХД ў Менскім гарадскім упраўленьні КДБ у якасьці сьведак па справе аб “масавых беспарадках”. Сёньня а 10-й гадзіне адбыўся допыт менскай каардынатаркі аргкамітэту Ірыны Логвін. Заўтра і пасьлязаўтра там жа павінны прайсьці допыты Любві Каменевай і Валерыі Чарнаморцавай.

 

Допыт Ірыны Логвін праводзіў сьледчы КДБ Андрэй Дарашэвіч, доўжыўся ён менш за 2 гадзіны. У канцы Логвін дала стандартную падпіску пра неразгалошваньне, але паведаміла прэс-службе БХД, што допыт ня тычыўся аргкамітэту БХД, а толькі падзеяў 19 сьнежня 2010 года.

 

Кіраўнічку моладзі БХД Любоў Каменеву гэты ж сьледчы выклікаў на допыт у Менскае КДБ на зав. Казлова, д.6а на 11-00 аўторка, 29 сакавіка. А Валерыя Чарнаморцава папярэдне павінна была зьявіцца на допыт сёньня ў 15-00. Але выклікаючы яе, як і астатніх, па тэлефоне, Дарашэвіч забыўся сказаць адрас месца допыту, таму ўчора ўвечары ёй даслалі позву на 10 раніцы серады, 30 сакавіка.

 

Прэс-службе БХД Валерыя Чарнаморцава з гэтай нагоды дала наступны каментар: “Відаць, сьледчы Дарашэвіч прачытаў сайт БХД, таму і даслаў позву, бо па тэлефоне ён наадрэз адмовіўся гэта рабіць. Ён заявіў, што паводле заканадаўства мае права выклікаць на допыт, выкарыстоўваючы сродкі камунікацыі, і калі я не зьяўлюся, мяне маюць права даставіць прымусова”.

 

Менскіх сябраў аргкамітэта БХД Любоў Каменеву, Ірыну Логвін і Валерыю Чарнаморцаву выклікалі ў КДБ на допыт па тэлефоне ў першай палове дня 24 сакавіка. Сьледчы менскага гарадзкога КДБ Андрэй Дарашэвіч спрабаваў запрасіць іх на допыт менавіта на 24 ці 25 сакавіка, напярэдадні Дня Волі. Дзяўчат выклікаюць на допыт у якасьці сьведак па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня.

Болей навін