Ірына Губская на волі (Фота)

28 сакавіка 2011 18:36  |  Галоўныя навіны

У 18-15 Ірыну Губскую на міліцэйскай машыне вывезьлі з Акрэсьціна і выпусьцілі ля бліжэйшага прыпынку транспарту. Яе сустрэлі сябры БХД. У інтэрвію прэс-службе БХД Ірына пацьвердзіла, што ўсе трое сутак трымала сухую галадоўку і адмаўлялася падпарадкоўвацца патрабаваньням супрацоўнікаў ізалятара.

 

Сёньня, ў панядзелак 28 сакавіка, рэгіянальную каардынатарку БХД Ірыну Губскую, якая зьяўлялася заяўніцай акцыі на Дзень Волі і была затрыманая 25 сакавіка перад пачаткам акцыі, каля 11 гадзінаў дня асудзілі ў судзе Савецкага раёна на 3-е сутак арышту за дробнае хуліганства (арт 17.1. КаАП РБ): быццам яна нецэнзурна лаялася, махала рукамі і не рэагавала на папярэджаньні міліцыянтаў. Такім чынам, тэрмін арышту скончыўся ў гэты ж дзень ўвечары.

 

Нагадаем, Ірына Губская 25 сакавіка была затрыманая прэвентыўна перад пачаткам акцыі ў 17-45 на праспэкце Незалежнасьці каля рэдакцыі газэты «Вячэрні Менск» разам зь іншымі актывісткамі, таксама сябрамі БХД Тацянай Кім і Ганнай Шапуцькай. Іх завезьлі ў Цэнтральны РАУС быццам бы для высьвятленьня асобаў. Там на Ірыну быў складзены пратакол, як пазьней выявілася, за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

 

Паводле праваабаронцаў, 25 сакавіка агулам было затрымана каля 70 чалавек. Большасьць зь іх былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў праз 3 гадзіны, адведзеныя заканадаўствам для разьбіральніцтва. У менскую турму на Акрэсьціна былі дастаўленыя толькі Ірына Губская, а таксама Віктар Івашкевіч і Мікола Дземідзенка, якіх таксама асудзілі сёньня ў Савецкім судзе Менска. Вядомага палітыка Віктара Івашкевіча судзьдзя Аксана Рэлява таксама прызнала вінаватым у дробным хуліганстве і пакарала арыштам на 10 сутак, а намесьніка кіраўніка Маладога Фронту Міколу Дземідзенку абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства паўторна цягам аднаго году і судзьдзя Іна Ляўкова пакарала яго арыштам на 15 сутак. 

 

Ірына Губская на волі (Фота)

Ірына Губская на волі (Фота)

Ірына Губская на волі (Фота)

Болей навін