Ірыну Губскую абакралі у аддзяленьні міліцыі
Рэгіянальная каардынатарка БХД Ірына Губская, якую 28 сакавіка выпусьцілі пасьля трох дзён арышту, змагла забраць з Цэнтральнага РАУС Менска толькі частку сваіх рэчаў, якія былі пры ёй падчас яе затрыманьня ў Дзень Волі 25 сакавіка. У сувязі з гэтым яна мае намер падаць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыі.
Паводле яе словаў, насуперак закону ейныя рэчы пры затрыманьні не былі апісаныя. Больш за тое, частка зь іх (бел-чырвона-белы шалік, паштоўкі, календарыкі) у міліцыі была сканфіскаваная безь яе ведаму. Таксама невядомыя выдалілі з флэш-карткі Ірыны Губскай важную для яе асабіста інфармацыю.
“Я вельмі абураная дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі. Яны нават не пагрэбавалі капацца ў маіх рэчах, пакуль я была пад арыштам. Апроч таго, я падазраю, што з майго тэлефону рабіліся тэлефанаваньні, паколькі я добра памятаю з кім апошнім я размаўляла 25 сакавіка”, – адзначыла рэгіянальная каардынатарка БХД.
У зьдзейсьненым Ірына Губская падазрае падпалкоўніка Рошчына, які кіраваў яе затрыманьнем. “Падчас майго арышту ён вельмі нэгатыўна выказваўся ў мой адрас. Узгадаў усё, чым я займалася за апошні год, у тым ліку удзел у арганізацыі сьвяткаваньня Дня Волі, у малітоўных акцыях каля касьцёлаў Сьвятога Язэпа і Сьвятых Сымона і Алены. Ён таксама крычаў, каб я не забірала на Акрэсьціна свае рэчы. Цалкам верагодна, што ён сам капаўся ў маіх рэчах, выдаляў інфармацыю і гэтак далей. Складваецца адчуваньне, што ў яго алергія на ўсё бел-чырвона-белае, на ўсё беларускае”, – мяркуе яна.
Нагадаем, Ірына Губская 25 сакавіка была затрыманая прэвентыўна перад пачаткам акцыі ў 17-45 на праспэкце Незалежнасьці каля рэдакцыі газэты «Вячэрні Менск» разам зь іншымі актывісткамі, таксама сябрамі БХД Тацянай Кім і Ганнай Шапуцькай. Іх завезьлі ў Цэнтральны РАУС быццам бы для высьвятленьня асобаў. Там на Ірыну быў складзены пратакол, як пазьней выявілася, за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
Ірына Губская былі дастаўленыя ў менскую турму на Акрэсьціна. 28 сакавіка яе каля 11 гадзінаў дня асудзілі ў судзе Савецкага раёна на 3-е сутак арышту за дробнае хуліганства (арт 17.1. КаАП РБ): быццам яна нецэнзурна лаялася, махала рукамі і не рэагавала на папярэджаньні міліцыянтаў. Такім чынам, тэрмін арышту скончыўся ў гэты ж дзень ўвечары. У 18-15 Ірыну Губскую на міліцэйскай машыне вывезьлі з Акрэсьціна і выпусьцілі ля бліжэйшага прыпынку транспарту.