Восьмы асуджаны за Плошчу-2010 Мікіта Ліхавід – 3,5 гады. Каментары

30 сакавіка 2011 00:05  |  Навіны

Судзьдзя Партызанскага райсуду Менску Натальля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста Руху «За свабоду» Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і пакарала яго трыма з паловаю гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Мікіта Ліхавід стаў восьмым палітвязьнем, засуджаным за падзеі 19 сьнежня мінулага году ў Менску ў часе пратэстаў супраць несумленных выбараў. Яшчэ каля трыццаці вязьняў, у тым ліку сустаршыні БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, чакаюць судовых працэсаў.

Пасьля абвяшчэньня прысуду маці Мікіты Ліхавіда Алена заявіла журналістам і іншым прысутным на працэсе, што будзе абскарджваць гэты несправядлівы прысуд: «Калі б мой сын быў расейскім грамадзянінам, то атрымаў бы штраф, а так за беларусаў няма каму заступіцца. Я зьвяртаюся да эўрапейцаў ад імя свайго сына, ад імя іншых палітвязьняў: пачынайце ўводзіць эканамічныя санкцыі, інакш гэта ня спыніцца» — сказала Алена Ліхавід. Свой кароткі выступ яна скончыла словамі: «Жыве Беларусь!»

Віталь Рымашэўскі: «Тыя, хто неправамерна выносіць такія прысуды, будуць пакараныя»

«Я спадзяюся, што ні ён, ні іншыя, каму былі вынесеныя прысуды, не адбудуць прызначаныя тэрміны. А тыя людзі, якія неправамерна выносяць такія рашэньні, — яны будуць пакараныя. Я ў гэта веру і буду за гэта змагацца».

Валянцін Стэфановіч: «Віна Мікіты Ліхавіда ў судзе даказаная не была»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які сачыў за працэсам Мікіты Ліхавіда, гэтак ацаніў суровы прысуд хлопцу: «Лічу, што самога факту масавых беспарадкаў 19 сьнежня ў Менску не было. Судовы разбор па справе Ліхавіда гэта яшчэ раз пацьвердзіў. Існуе пералік прыкмет, якія характарызуюць масавыя беспарадкі, гэта ў тым ліку пагромы, падпалы, збройны супраціў міліцыі. Доказаў таго, што ўсё гэта было ў дзень выбараў у Менску, у судзе не прагучала», — сказаў Стэфановіч. 

Акрамя таго, праваабаронца лічыць, што ў судзе не была даказаная віна самога Ліхавіда, у прыватнасьці, у тым, што ён нібыта зьнішчаў маёмасьць Дома ўраду. 

Праваабаронца Алесь Бяляцкі: «Адбываецца расправа над невінаватымі людзьмі»

«Паводзіны ўлады — менавіта ўлады, бо суды у гэтым выпадку толькі прылады ў руках выканаўчай улады — паказваюць, што страх перад верагоднымі зьменамі ў Беларусі прымушае іх ісьці на такія жорсткія крокі і неапраўданыя прысуды. Бо гэты прысуд стаіць у шэрагу іншых і сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады сваю пазыцыю зьмяняць не зьбіраюцца. Што і надалей яны будуць максымальна жорстка перасьледаваць абвінавачаных па гэтай справе — для мяне тут усё зразумела. Для мяне зараз надзвычай важная актыўнасьць беларускага грамадзтва. Наколькі беларускае грамадзтва здольнае адэкватна адрэагаваць на такія прысуды? Бо адбываецца, фактычна, расправа над невінаватымі людзьмі. І падчас гэтых судовых працэсаў мы цудоўна бачым, што “віна” гэтых людзей не даказаная. Ці зможам адпаведна адрэагаваць на гэтыя прысуды мы — беларускае грамадзтва — гэта вялікае пытаньне».
 
Праваабаронца Наста Лойка: «Усё больш закладнікаў, каб гандляваць імі з Эўропай»

«Працягваецца беспадстаўны перасьлед удзельнікаў акцыі ў вельмі жорсткай форме. Прычым, мяне зноў зьдзіўляе вельмі дрэнная падрыхтоўка тых, хто адказвае за гэтыя суды і на тым узроўні, на якім прымаюцца рашэньні. Бо калі прыводзяць 29 пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі, зь іх пераважная большасьць ні праз мэдычныя даведкі, ні праз экспэртызы, ні якім іншым чынам не пацьвярджае свае пабоі, калі адзін сьведка прызнае, што ён хлусіў, складаючы пратаколы і рапарты на Мікіту Ліхавіда, што яны прызнаюцца ў тым, што чынілі беззаконьні 19 сьнежня, а затым хлопца караюць такім тэрмінам — неапраўдана жорсткім, усё гэта сьведчыць пра тое, што ўлады абралі палітыку запалохваньня і пакараньня ўсіх, хто думае інакш. І такім чынам знаходзяць усё больш закладнікаў, каб гандляваць імі з Эўропай і іншымі краінамі».

Наста Палажанка: «Жудасны прысуд, як і ўсе іншыя»

Актывістка Маладога Фронту Наста Палажанка: «Безумоўна — жудасны прысуд, як і ўсе іншыя. Бачна, што сыстэма не дэманструе асабістага падыходу, а раўняе ўсіх пад свой каток. Шчыра спадзяюся і веру, што ўсе гэтыя людзі выйдуць нашмат раней». 

Болей навін