Сустрэчы Севярынца са сьвятаром дамагаюцца і сам Павал, і яго маці

30 сакавіка 2011 22:40  |  Навіны

Тацяна Севярынец паведаміла прэс-службе БХД, што заўтра, 31 сакавіка ў яе маюць адбыцца ажно 2 сустрэчы – з пракурорам і  мітрапалітам – дзеля таго, каб нарэшце дамагчыся сустрэчы са сьвятаром яе сына, лідэра БХД Паўла Севярынца, зьняволенага ў СІЗА КДБ. І сам Павал напісаў апошнім лісьце, што адносна адмовы ў сустрэчы са сьвятаром ён скардзіўся пракурору. Між тым права вязьня на сустрэчу са сьвятаром “для адпраўленьня рэлігійных патрэбаў” наўпрост прапісана ў правілах унутранага распарадку СІЗА КДБ.

Па выніках свайго змаганьня за права сына сустрэцца са сьвятаром Тацяна Яўгенаўна выказала меркаваньне, што такія складанасьці сустрэчы вязьняў СІЗА КДБ са сьвятаром існуюць з-за адсутнасьці дамовы Беларускай праваслаўнай царквы з КДБ: “Дамовы з праваслаўнай царквой у Беларусі заключаная толькі з МВД, а ў КДБ такой дамовы няма”.

 

У інтэрвію прэс-службе БХД Тацяна Яўгенаўна распавяла: “Пракурор Пусташыла, які курыруе СІЗА КДБ, паведаміў мне, што генеральнай пракуратурай ажыцьцяўляецца праверка па фактах катаваньняў, пазначаных ў заяве экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. Таму ў чацьвер, 31 сакавіка, я зьбіраюся сустрэцца з гэтым Пусташылам, каб высьветліць нарэшце, ці дазваляе ён Паўлу сустрэцца са сьвятаром, бо ў правілах унутранага распарадку такое права вязьня прапісана, але сустрэча са сьвятаром дазваляецца з боку органа, які вядзе расьследаваньне”.

 

Сёньня Тацяна Севярынец падала 2-ю заяву следчаму Санько, які вядзе справу Паўла, бо на першую заяву ён адказаў, што гэта не ў яго кампетэнцыі. 

 

Таксама 31 сакавіка Тацяна Яўгенаўна яшчэ раз паспрабуе сустрэцца з мітрапалітам Філарэтам: “Айцец Мікалай, сакратар епархіі, сказаў мне, што размаўляў з уладыкам Філарэтам, але дакладнай дамоўленасьці  на сустрэчу пакуль няма, заўтра буду спрабаваць зь ім сустрэцца”. 

Болей навін