Нацыянальная Рада Славаччыны заклікала вызваліць палітвязьняў у Беларусі
Нацыянальная Рада Славаччыны 29 сакавіка прыняла заяву з нагоды палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Гэтая заява стала магчымай, дзякуючы візыту ў Славаччыну з 27 лютага па 2 сакавіка адказнага сакратара аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Дзяніса Садоўскага і яго перамоваў з кіраўніцтвам сяброўскай партыі Хрысьціянска-Дэмакратычны Рух Славаччыны (KDH).
Славацкія дэпутаты выступілі супраць грубага злоўжываньня “палітычнай і паліцэйскай ўлады беларускім палітычным рэжымам супраць сваіх нявінных і безабаронных грамадзян”. Яны таксама заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітзьняволеных, а ўлады Славаччыны – дамагацца іх вызваленьня.
Ніжэй падаем тэкст аявы Нацыянальнай Рады Славацкай Рэспублікі з нагоды палітычнай сытуацыі ў Беларусі (прынятай 29 сакавіка 2011 года).
Нацыянальная Рады Славацкай Рэспублікі лічыць гвалтоўны разгон мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 19 сьнежня 2010 грубым злоўжываньнем палітычнай і паліцэйскай ўлады беларускім палітычным рэжымам супраць сваіх нявінных і безабаронных грамадзянаў.
Таму Славацкая Нацыянальная Рада:
– заклікае Прэзыдэнта Лукашэнку да неадкладнага вызваленьня палітычных зьняволеных і скасаваньня пакараньняў ўсім беларускім грамадзянам, якія былі асуджаныя ў сувязі з мітынгам 19-га сьнежня 2010 года;
– рэкамэндуе Ўраду Славацкай Рэспублікі дамагацца вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі, выкарыстоўваючы удзел у двухбаковых і шматбаковых форумах;
– рэкамэндуе Прэзыдэнту Славацкай Рэспублікі дамагацца вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі праз удзел у двухбаковых і шматбаковых мерапрыемствах.