Тацяна Севярынец сустрэнецца зь епіскапам Веніямінам
Як паведаміла Тацяна Яўгенаўна, падчас гутаркі яна зьбіраецца закрануць пытаньне сустрэчы са сьвятаром ня толькі яе сына, але і ўсіх вязьняў СІЗА КДБ, бо на дадзены момант паміж Праваслаўнай Царквой і КДБ дамова аб магчымасьці споведзі зьняволеных у СІЗА не падпісаная.
Гэтае ж пытаньне раніцай 31 сакавіка Тацяна Севярынец уздымала падчас сустрэчы з прадстаўніком генпракуратуры Пустушалам, які курыруе КДБ. “Учора я зноў падала заяву на магчымасьць сустрэчы Паўла са сьвятаром, бо пункт 102 артыкулу 10 правілаў унутранага распарадку СІЗА КДБ гэта дазваляе”, – адзначыла яна.
Таксама маці сустаршыні БХД распавяла аб сваёй сустрэчы з адвакатам сына, паводле словаў якога, Павал выглядае і трымаецца добра, перадае ўсім падзякі і віншаваньні. “У сваіх лістах ён да таго ж жадае ўсім працаваць і не здавацца, трымацца”, – падкрэсьліла Тацяна Яўгенаўна.