Адміністрацыйную камісію па справе Кучынскага перанесьлі

31 сакавіка 2011 17:37  |  Палітыка

Адміністрацыйную камісію па справе намесьніка кіраўніка слонімскай філіі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Барыса Кучынскага перанесьлі на невядомы тэрмін. “Сказалі, што мы вам паведамім”, – падкрэсьліў актывіст.

 

Барыса Кучынскага вінавацяць паводле арт. 21.14 КоАП Рэспублікі Беларусь (“Парушэньне правіл добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў”), што прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу. Паводле пратаколу сьледзтва, актывіста БХД затрымалі каля мясцовай лякарні 25 сакавіка міліцыянты Сіняк А.С. і  Боцік Д.С., калі ён расклейваў улёткі з патрабаваньнем вызваленьня Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча.

 

“Я не разумею, за што мяне затрымалі. Усё, што запісанае ў пратаколе, зьяўляецца поўнай хлусьнёй. Мяне затрымалі ў памяшканьні лякарні, а не каля яе. Яны кажуць, што сканфіскавалі ў мяне ўлёткі, але ў мяне ніякіх улётак не было. Яны пазьдзіралі ўлёткі з вуліцы й прычапілі іх да мяне. Але такім чынам іх можна прычапіць да кожнага чалавека, ня толькі да мяне. Я зьбіраюся падаваць на іх у суд, бо маё затрыманьне не было законным. Было б добра, каб на гэты суд прыехалі праваабаронцы. Свабоду Паўлу Севярынцу і Зьмітру Дашкевічу! Свабоду ўсім палітвязьням!”, – адзначыў Барыс Кучынскі.

 

Нагадаем, што Барыса Кучынскага затрымалі ў Слоніме 25 сакавіка. Увечары ў горадзе павінна было адбыцца сьвяточнае мерапрыемства. Актывіста схапілі ў лякарні двое невядомых у цывільным і павезьлі ў міліцэйскі пастарунак.

Болей навін