Епіскап Веніямін паабяцаў дабівацца сустрэчы Паўла Севярынца са сьвятаром
Епіскап Барысаўскі, вікарый Менскай епархіі Веніямін падчас размовы зь Віцебскай каардынатаркай аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Тацянай Севярынец паабяцаў, што будзе дабівацца сустрэчы яе сына, сустаршыні БХД Паўла Севярынца са сьвятаром, магчыма, што нават непасрэдна праз старшыню КДБ Вадзіма Зайцава.
Апроч гэтага, уладыка паабяцаў ініцыяваць падпісаньне дамовы паміж Праваслаўнай Царквой і КДБ, каб можна было дазволіць спавядаць людзей у СІЗА КДБ, як гэта робіцца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Сустрэча з епіскапам Веніямінам адбылася ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы ў Менску пасьля ўрачыстай службы ў дзень памінаньня сьвятой Сафіі Слуцкай. Пасьля сустрэчы Тацяна Севярынец і ўладыка разам памаліліся за вырашэньне ўзьнятых пытаньняў. “Я таксама распавяла епіскапу пра тое, што Павал у камэры эвангелізуе людзей, зь якімі яго сутыкае лёс”, – паведаміла Тацяна Яўгенаўна.
“Я дагэтуль вельмі ўражаная гэтай сустрэчай і размовай з уладыкам Веніямінам. Я шчыра дзякую яму, а таксама айцу Мікалаю зь епархіі, які асабіста займаўся арганізацыяй сустрэчы”, – адзначыла Тацяна Севярынец.